Пастановай Савета міністраў ад 27 лістапада № 800 вызначаны пералік раёнаў, неспрыяльных для вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі на 2020-2024 гады.
У гэты пералік унесьлі 66 са 118 раёнаў Беларусі:
- 3 раёны ў Горадзенскай вобласьці (Дзятлаўскі, Іўеўскі, Сьвіслацкі),
- 5 — у Берасьцейскай (Ганцавіцкі, Янаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі)
- 7 — у Менскай (Бярэзінскі, Вілейскі, Валожынскі, Крупскі, Лагойскі, Мядзельскі, Старадароскі),
- 13 — у Магілёўскай (Бялыніцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Глускі, Дрыбінскі, Клімавіцкі, Касьцюковіцкі, Краснапольскі, Магілёўскі, Слаўгарадзкі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі),
- 18 — у Віцебскай (усе акрамя Дубровенскага, Лепельскага і Аршанскага),
- 20 — у Гомельскай (усе акрамя Жлобінскага раёну).
Неспрыяльным для вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі прызнаецца раён, на тэрыторыі якога «ў сувязі з прыродна-кліматычнымі, глебавымі, экалягічнымі і сацыяльна-эканамічнымі паказьнікамі (фактарамі) арганізацыя высокарэнтабельнай вытворчасьці не ўяўляецца магчымай».
Крытэры аднясеньня раёну да неспрыяльных:
- бал кадастравай ацэнкі сельскагаспадарчых зямель сельскагаспадарчага прызначэньня;
- доля сельскагаспадарчых земляў, забруджаных радыёнуклідамі цэзія-137 і стронцыю-90 (больш за 1 Кі /кв. км і 0,15 Кі/кв. км адпаведна);
- доля насельніцтва ў працаздольным узросьце;
- узровень зарэгістраванага беспрацоўя за апошні справаздачны год.
Першы пералік неспрыяльных для сельскагаспадарчай вытворчасьці раёнаў быў зацьверджаны Саўмінам 31 снежня 2014 году, цяпер ён робіцца раз на 5 год. Тады ў яго былі ўключаныя 62 раёны.
У параўнаньні зь першым пералікам, у Берасьцейскай вобласьці такіх раёнаў стала на 2 менш (са сьпісу выключаныя Ганцавіцкі і Маларыцкі раёны), у Менскай, Магілёўскай і Гомельскай — іх колькасьць павялічылася (у Менскай — дадаўся Вілейскі раён, у Магілёўскай — Бялыніцкі, Магілёўскі і Чэрыкаўскі, у Гомельскай — Кармянскі і Рагачоўскі).
Такім чынам, доля неспрыяльных для вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі раёнаў павялічылася з 53% да 56%.
Паводле камэнтару Мінсельгасхарчу да пастановы ад 2014 году, такая градацыя неабходная для ацэнкі эфэктыўнасьці сельскагаспадарчай вытворчасьці розных рэгіёнаў і фармаваньня прынцыпаў разьмеркаваньня і аказаньня дзяржаўнай падтрымкі суб’ектам аграпрамысловых комплексаў .
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура заявіла пра рост карупцыі ў сельскай гаспадарцы