Сацыяльная сетка TikTok выбачылася за выдаленьне відэа пра перасьлед мусульман у Кітаі

Сацыяльная сетка TikTok, якая належыць кітайскай кампаніі, выбачылася за выдаленьне роліка пра перасьлед мусульман у Кітаі. У прабачэньні сказана, што ролік быў выдалены выпадкова праз памылку мадэратара. Ён быў адноўлены.

Да выдаленьня ролік набраў больш за два мільёны праглядаў. У ім 17-гадовая блогерка Фэроза Азіз пачынае размову тым, як падоўжыць вейкі, але працягвае расповедам пра сытуацыю з мусульманамі ў Кітаі, якую яна называе новым Галакостам.

«Усім прывітаньне. Зараз я пакажу вам, як зрабіць вейкі доўгімі. Але пасьля гэтага пакладзеце інструмэнт для завіўкі веек і вазьміце тэлефон, каб даведацца, што адбываецца ў Кітаі. Як нявінныя мусульмане трапляюць у канцэнтрацыйныя лягеры, як улады разлучаюць іх сем’і, выкрадаюць іх, забіваюць, гвалцяць, прымушаць іх есьці сьвініну і піць алькаголь, прымушаюць іх прымаць іншую веру. Калі яны гэтага не робяць, іх забіваюць», — кажа Азіз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікаваныя дакумэнты пра лягеры, у якіх Кітай утрымлівае мусульманаў

У сваім твітэры блогерка заявіла, што ня верыць у тлумачэньне сацыяльнай сеткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кітаі могуць адсачыць кожны ваш рух. Ці такая будучыня чакае Беларусь і ўвесь сьвет?

У рэгіёне Сіньцзян, населеным пераважна мусульманамі, у 2017 годзе была ўведзена забарона на нашэньне бародаў і рэлігійнага адзеньня. Замежныя СМІ неаднаразова публікавалі расьсьледаваньні пра лягеры, дзе ўтрымліваюцца кітайскія мусульмане, ад якіх патрабуюць адмовіцца ад рэлігіі і нацыянальнай культуры. Улады Кітаю адмаўляюць гэтую інфармацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі блогер-падарожнік Лёня Пашкоўскі расказвае пра антыуйгурскі тэрор у Кітаі ВІДЭА