Выдаткі беларускага грамадзкага камітэту на перапахаваньне паўстанцаў 1863–1864 гадоў склалі 1757,61 эўра. Пра гэта сьведчыць справаздача, якую апублікаваў Эдуард Пальчыс у сваім фэйсбуку.
Колькі грошай сабралі? 2 672 эўра атрымаў Беларускі грамадзкі камітэт ушанаваньня памяці паўстанцаў з улікам камісій, канвэртацый і падаткаў. Грошы зьбіралі праз Facebook і PayPal.
Колькі грошай патрацілі? 1757,61 эўра. Выдаткі пайшлі на:
- 562,64 эўра — на вянкі, кветкі і лямпадкі;
- 543 эўра — на вялікія і малыя бел-чырвона-белыя сьцягі, бел-чырвона-белую стужку і значкі;
- 220 эўра — на арэнду залі і апаратуры для паэтычна-гістарычнай «Містэрыі»;
- 90,75 эўра — на друк улётак і праграмаў;
- 60 эўра пайшло ў якасьці ахвяраваньняў на набажэнствы;
- 40 эўра — на падрыхтоўку відэа;
- 32,42 эўра — на транспартныя паслугі па Вільні;
- 60,50 эўра — на бухгалтарскія паслугі;
- 148,72 эўра — на дапамогу ў арганізацыі канцэрта гурта «Dzieciuki».
Што будзе з грашыма, якія засталіся? У камітэта засталіся 913,97 эўра. Паводле Кірыла Атаманчыка, сябры камітэта вырашылі накіраваць іх на аднаўленьне некаторых беларускіх пахаваньняў на могілках Росы, а таксама на рэстаўрацыю памятных шыльдаў Кастусю Каліноўскаму, Браніславу Тарашкевічу і Рыгору Шырме ў Вільні.
Што за камітэт зьбіраў грошы? У камітэт уваходзілі грамадзкія дзеячы Беларусі, прадстаўнікі беларускай дыяспары за мяжой, у тым ліку зь Вільні. Узначальваў камітэт доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.
Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага
Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.
- Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
- У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
- У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
- У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
- Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
- Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
- У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
- У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.
Публікацыі на тэму
- Што важна ведаць пра Кастуся Каліноўскага
- Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
- Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА
- «Гэта страшная праўда». Як шукалі і «знайшлі» магілу брата Кастуся Каліноўскага
- 40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА