Паводле зьвестак Белстату, за першыя 10 месяцаў 2019 году найбольш вырасьлі цэны на яблыкі (+45,3%), часнык (+44,5%) і бананы (+27,8%), а таксама на квіткі ў цырк (+32,9%). У сярэднім цэны на тавары і паслугі за гэты час падняліся на 3,93%.
Таксама значна павялічыліся цэны на забесьпячэньне газам (+25,6%) і электрычнасьцю (+17%), цытрусавую садавіну (+24%) і грэцкія крупы (+18,4%), боты на футры (+18,6%) і іншы абутак (у сярэднім +8,5%).
Агулам цэны на камунальныя паслугі вырасьлі на 12%, на паліва і на адукацыю — на 9%, на малочныя прадукты — на 7,3%, на гаспадарчыя тавары — на 5,5%, на прадукты харчаваньня — на 3,15%, на гародніну амаль не зьмяніліся, +0,89% (бульба пры тым падаражэла на 9,1%).
На некаторыя рэчы цэны і зьніжаліся. Найбольш патаньнелі салодкі перац (мінус 38,4%), вінаград (–34,8%), агуркі (–32,1%), капуста (–25,9%), памідоры (–25,5%) і морква (–24,5%) — агулам гародніна патаньнела на 22,84%. Таксама адчувальна зьнізіліся цэны на сьвініну (–7,5% на рагу, –4,2% на ўсё, акрамя бескасьцёвага мяса, на 3% на бескасьцёвае).
Дзяржаўная Фэдэрацыя прафсаюзаў, якая вядзе ўласны маніторынг цэнаў, адзначае, што са сьнежня мінулага году істотна вырасьлі цэны на малако і кісламалочныя прадукты, масла, пшанічную муку, грэцкія і аўсяныя крупы, садавіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Разьлікі Румаса супраць эмоцыяў Лукашэнкі. 6 прычынаў, чаму бюджэт-2020 не абяцае беларусам палёгкі