У Беларусі запісалі «Пагоню» з аркестрам і хорам ды запусьцілі флэшмоб «Сьпяваем гімн разам». ВІДЭА

Тэкст «Пагоні»

У Беларусі запісалі песьню «Пагоня» на верш Максіма Багдановіча ў стылі нацыянальнага гімну — галасамі хору ва ўрачыстым суправаджэньні аркестру — і запусьцілі флэшмоб «Сьпяваем гімн разам», паведамляе Symbal.by.

Мэцэнат і ініцыятар праекту — Антон Мяжа. Над гімнам працавалі некалькі дзясяткаў беларускіх музыкаў з розных калектываў, але канкрэтных імёнаў арганізатары вырашылі не называць, «каб сказаць, што гэты нацыянальны гімн стварылі беларусы для беларусаў».

«Гэта была мая даўняя мара — каб Беларусь займела паўнавартасны нацыянальны гімн, якасны, пазнавальны і дарэчны ў гістарычным і культурным кантэксьце, — расказвае Антон Мяжа. — Я вырашыў ажыцьцявіць гэтую мару і абраў верш Максіма Багдановіча „Пагоня“. Каб гэты твор загучаў у выкананьні хору і аркестру як нацыянальны гімн Беларусі, спатрэбілася каля двух гадоў і вялікія сродкі».

Беларускі відэарэжысэр Іван Мураўёў зрабіў відэа, дзе выкарыстаў новы запіс гімну «Пагоня» і зьнятыя ім у Вільні кадры зь перапахаваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–1864 гадоў.

Музыку на верш «Пагоня» пісалі розныя кампазытары (Мікола Равенскі, Мікола Шчаглоў-Куліковіч, Аляксей Туранкоў, Уладзімер Мулявін), але аўтары праекту абралі варыянт Міколы Шчаглова-Куліковіча як найбольш адпаведны канцэпцыі гімну. Музычным рэдактарам і аранжавальнікам стаў беларускі кампазытар Канстанцін Яськоў. Пачатковы варыянт музыкі Шчаглоў-Куліковіч пісаў для харавога акапэльнага выкананьня, але ў цяперашнім гімне гучаць толькі шэсьць зь сямі слупкоў верша Багдановіча, як таго патрабуе жанравая спэцыфіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму марш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» стаў нацыянальным гімнам?

Сьпяваем гімн разам

Каманда праекту запусьціла ў сацыяльных сетках флэшмоб «Сьпяваем гімн разам» і заклікала беларусаў з хэштэгам #гімнбеларусі выкладаць у сацыяльныя сеткі відэа сваіх сьпеваў «Пагоні» разам зь сябрамі, рабіць уласныя ролікі з гімнам для яго папулярызацыі. Найлепшыя відэа трапяць у фінальны ролік акцыі «Сьпяваем гімн разам».

Як адзначаюць аўтары праекту, гэты гімн мае вольныя аўтарскія правы і належыць усім беларусам, таму выкладзены для свабоднага спампоўваньня і пашырэньня. Таксама яны падрыхтавалі адмысловае лірык-відэа, ноты ў вэрсіях для хору ды фартэпіяна і для хору з акордамі для гітары, якія дазволяць самастойна граць гімн, вучыць словы і сьпяваць яго ў розных фарматах.

У пачатку 1990-х «Пагоня» разглядалася як адзін з прэтэндэнтаў на статус дзяржаўнага гімна Беларусі.