Літва адмовілася ад прапановы Фінляндыі, якая цяпер старшынюе ў Радзе Эўразьвязу, паўдзельнічаць у трохбаковых кансультацыях зь Беларусьсю наконт пэрспэктываў Астравецкай атамнай электрастанцыі.
У Вільні настойваюць на шырэйшым удзеле краін ЭЗ, бо, паводле літоўскага боку, БелАЭС гэта «праблема Эўразьвязу», а не двухбаковая справа Літвы і Беларусі ці Фінляндыі і Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва адхіліла запрашэньне Фінляндыі на трохбаковыя перамовы аб БелАЭСПрапанову правесьці трохбаковыя кансультацыі агучыў 25 лістапада ў Менску міністар замежных справаў Фінляндыі Пэка Хаавіста пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
У Фінляндыі ухвалены праект АЭС з рэактарам расейскай вытворчасьці
У самой Фінляндыі цяпер працуюць дзьве АЭС. Адна зь іх, на высьпе Хястхолмэн, пабудаваная ў 1977 годзе з савецкімі рэактарамі, але заходнімі сыстэмамі бясьпекі кантролю. Другая АЭС, на высьпе Олкілуота, была пабудаваная швэдзкім канцэрнам ABB. Чакаецца, што ў 2020 годзе там пачне працу трэці рэактар, над якім працуе француска-нямецкі кансорцыюм. Першапачаткова плянавалася, што гэты рэактар запрацуе яшчэ ў 2009 годзе, але яго запуск шмат разоў адкладаўся.
Аднак ухвалены праект яшчэ адной атамнай электрастанцыі, на якой мае стаяць такі самы рэактар расейскай вытворчасьці, як на Беларускай АЭС. Пра сытуацыю з гэтым праектам Радыё Свабода расказаў Тапіё Літманэн, прафэсар сацыялёгіі фінскага ўнівэрсытэту Ювяскюля, які дасьледуе рэгуляваньне ядзернай энэргетыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь знайшла найбуйнейшага замежнага спажыўца сваёй атамнай энэргіі«На пачатку дзесяцігодздзя ішлі дыскусіі пра тое, хто атрымае заказ на будаўніцтва АЭС у Фінляндыі. Была абраная кампанія Fennovoima, у якой частка акцый належала нямецкай кампаніі. Але там былі праблемы з уласнасьцю і нямецкі кансорцыюм адмовіўся ад падтрымкі праекту. І тады новым партнэрам зрабіўся расейскі „Росатом“. Для фінскіх палітыкаў гэта была вельмі складаная сытуацыя. Вялося шмат дыскусій пра тое, наколькі з геапалітычнага гледзішча разумна ладзіць праект з кампаніяй, у якой траціна акцый належыць расейцам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы энэргаблёк Беларускай АЭС «гатовы на 97%»Прафэсар Літманэн тлумачыць, што хоць праект даўно ухвалены, але кампанія Fennovoima, якой часткова валодае «Росатом», дагэтуль не атрымала ліцэнзіі на будаўніцтва.
«Яны пакуль што ня здолелі падрыхтаваць дастаткова якасных дакумэнтаў, якія б задаволілі фінскі Цэнтар радыяцыйнай бясьпекі. Але яны ўжо пачалі рыхтаваць пляцоўку пад будаўніцтва ў фінскай мясцовасьці Пюхяёкі. Калі абапірацца на міжнародны досьвед, дык звычайна такія праекты зацягваюцца на 5-10 гадоў. Пасьля аварыі на АЭС у Фукусіме ў Японіі, правілы бясьпекі, асабліва для новых праектаў, зрабіліся яшчэ больш жорсткімі.
У нас агульны рынак электрычнасьці разам са Швэцыяй і Нарвэгіяй, і мы імпартуем электраэнэргію з гэтых краін. Але адначасова мы купляем электрычнасьць у Расеі. І калі першапачаткова ішла гаворка пра новую АЭС, адзін з аргумэнтаў „за“ быў у тым, што Фінляндыя так зробіцца менш залежнай ад расейскага імпарту. Але цяпер некаторыя людзі кажуць, што гэты аргумэнт згубіў моц, бо „Росатом“ і ўрад Расеі сталі часткай праекту».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы выказаўся за дыялёг зь Беларусьсю, але назваў «чырвоныя лініі»Фінаў турбуе не беларуская, а расейская АЭС
Паводле Тапіё Літманэна, ні ўвод у эксплюатацыю Астравецкай АЭС, ні рашэньне Літвы пасьля гэтага заблякаваць пастаўкі беларускай электраэнэргіі не адаб’юцца на фінскім рынку электраэнэргіі.
«У фінскіх СМІ і сярод фінскіх палітыкаў асабліва не абмяркоўваюць Беларускую АЭС. Фінаў больш турбуе расейская АЭС непадалёк ад мяжы з Фінляндыяй. Вядома ж, тое, што знаходзіцца па суседзтву, хвалюе больш. Наколькі я ведаю, пляны Літвы практычна не паўплываюць на Фінляндыю».
Што варта ведаць пра БелАЭС
- Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
- Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
- Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
- БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
- На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
- Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
- Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
- Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
- Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
- У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
- Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
- Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
- Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
- З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
- У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
- 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.