Беларусы зьбіраюць грошы на беларускамоўны мультсэрыял з мнэматычнымі вершамі

Ілюстрацыя да мультсэрыялу «Вожыкавая палянка»

На краўдфандынгавай плятформе MolaMola пачаўся збор сродкаў на пілётны эпізод беларускамоўнага мультсэрыялу «Вожыкавая палянка» з мнематычнымі вершамі для дзяцей.

Мультсэрыял раскажа пра сям’ю вожыкаў з Сонечнай паляны: маму, тату і блізьнятаў-важанятаў, якіх завуць Вожа і Пых-Пых.

Цікаўныя важаняты ў мультфільме з дапамогай кароткіх вершыкаў і песенек вучаць новыя беларускія словы: лічбы, дні тыдня, колеры, назвы пальцаў і інш. Як адзначаюць аўтары праекту, гэта дапаможа дзецям прасьцей запамінаць новыя словы, а вясёлыя гісторыі будуць разьвіваць дзіцячую фантазію.

Мультсэрыял будзе складацца з 2-хвілінных эпізодаў з музычнай застаўкай. Сюжэты для сэрый — са штодзённага жыцьця дзіцяці: гульні, супольная праца з бацькамі, прагулкі і г.д.

Сюжэт прыдумала пісьменьніца Ганна Янкута, мастачка — Сьвятлана Катлярова.

Першая сэрыя называецца «Гульня ў хованкі». Яна распавядзе, як па-беларуску правільна лічыць, а таксама пазнаёміць дзяцей са словамі, якія маюць дачыненьне да гульні: лічылка, хавацца, шукаць, знаходзіць і інш.

Грошы, сабраныя на MolaMola, пойдуць на аплату мультыплікатару, аніматару, рэжысэру, музыкам, за агучку, зьвядзеньне і мантаж.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад Скарыны пачатак». Гісторыя беларускай кнігі за 3 хвіліны ў анімацыйным фільме. ВІДЭА