25 лістапада Беларусь з рабочым візытам наведваюць міністар замежных спраў Фінляндзкай Рэспублікі Пэка Хаавіста і міністар замежных спраў Каралеўства Швэцыя Ан Ліндэ. Яны правялі перамовы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем, сустрэліся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі.
«Сьмяротнае пакараньне, свабода сходаў і абʼяднаньняў і свабода сэксуальных меншасьцяў»
Падчас брыфінгу ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі Пэка Хаавіста і Ан Ліндэ заявілі пра заклапочанасьць у сувязі з тым, што, паводле справаздачы АБСЭ, парлямэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам. І гэтае пытаньне абмяркоўвалася падчас сустрэчаў з кіраўніцтвам Беларусі.
«Правы чалавека, дэмакратыя зьяўляюцца ключавымі ўмовамі для разьвіцьця нашых стасункаў напоўніцу. І мы абмеркавалі зь беларускім кіраўніцтвам усе гэтыя пытаньні», — сказала Ан Ліндэ.
Яна заявіла, што з афіцыйным Менскам у іх «розныя погляды» на сытуацыю ў сфэры правоў чалавека і дэмакратыі.
«Я ўдзячная за шчыры дыялёг у гэтай сфэры. Мы абмяркоўвалі заклапочанасьці ў сфэры правоў чалавека, якія тычацца сьмяротнага пакараньня, свабоды сходаў і абʼяднаньняў і свабоды сэксуальных меншасьцяў у Беларусі», — сказала Ан Ліндэ.
Паводле Ан Ліндэ, Швэцыя падтрымала заяву АБСЭ пра тое, што парлямэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам.
«Мой візыт сюды тым важнейшы, што гэта магчымасьць для непасрэднага дыялёгу з кіраўніцтвам краіны, каб патлумачыць, як мы бачым вынікі гэтых выбараў. У нас была важная дыскусія зь міністрам Макеем і прэзыдэнтам краіны. Нам патрэбны дыялёг зь Беларусьсю, калі мы хочам уплываць на падзеі ў гэтай краіне, на разьвіцьцё ў дэмакратычным рэчышчы. Самы лепшы спосаб для гэтага — сустракацца і падтрымліваць дыялёг. На жаль, апошнім часам Беларусь не праводзіла так ужо многа выбараў, якія адпавядалі міжнародным стандартам».
«Складана сказаць, што азначае той факт, што ў парлямэнце ня будзе апазыцыі»
Міністар замежных спраў Фінляндыі таксама згадаў справаздачу АБСЭ па выніках выбараў у Беларусі.
«Існуе многа прасторы для зьменаў, і мы спадзяёмся, што рэкамэндацыі АБСЭ будуць узятыя пад увагу напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Праблема, па якой варта працягваць дыялёг, — гэта пытаньні правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону, свабоды сходаў і абʼяднаньняў», — сказаў Пэка Хаавіста.
У той жа час міністар замежных спраў Фінляндыі падзякаваў беларускім уладам за тое, што яны адкрылі выбары для міжнароднага назіраньня. Ён сказаў, што БДІПЧ АБСЭ — гэта самая аўтарытэтная арганізацыя па назіраньні за выбарамі.
«Важна выконваць гэтыя рэкамэндацыі і ўносіць зьмены ў выбарчы працэс. Складана сказаць, што азначае той факт, што ў парлямэнце ня будзе апазыцыі. Гэта дазволіла б ажывіць дыскусію, зрабіць дэбаты больш зьмястоўнымі, калі там будзе прадстаўленая апазыцыя», — сказаў ён.
Сустрэчу з Лукашэнкам ён назваў «цудоўнай».
«Гэта была адкрытая, шчырая размова пра тэмы, дзе ў нас ёсьць агульныя погляды і дзе яны адрозьніваюцца», — сказаў ён.
Міністар вітаў прагрэс у заключэньні пагадненьня аб спрашчэньні візавых працэдур і рэадмісіі і выказаў спадзеў, што дамова аб прыярытэтах партнэрства будзе падпісаная як найхутчэй.
«Ёсьць сытуацыя зь БелАЭС, і мы ведаем пра заклапочанасьць Літвы ў гэтай сфэры. Мы запрасілі экалягічных экспэртаў зь Беларусі і Літвы ў Фінляндыю, каб абмеркаваць заклапочанасьці ў гэтай сфэры ў трохбаковым фармаце», — сказаў ён.
Паводле міністра, праблема ядзернай бясьпекі вельмі складаная, і яе вырашэньне «магло б адкрыць шлях да пашыранага супрацоўніцтва і заключэньня дамовы аб прыярытэтах партнэрства».
Напярэдадні ў сваім артыкуле ў выданьні Dagens Nyheter міністарка замежных спраў Швэцыі Ан Ліндэ паведаміла, што швэдзкі ўрад у афіцыйных зносінах будзе называць Беларусь па-швэдзку Belarus замест Vitryssland.
Паводле Ліндэ, гэта «прызнаньне беларускай грамадзянскай супольнасьці і людзей, якія даўно хацелі падкрэсьліць нацыянальную ідэнтычнасьць і сувэрэнітэт сваёй краіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь у Швэцыі больш ня будзе «Белай Расеяй»