Былы палітзьняволены Андрэй Кім падтрымаў журналіста Ўладзімера Чудзянцова.
Былы палітычны зьняволены, а цяпер кіраўнік кампаніі «Кінаконг», якая агучвае вядомыя фільмы па-беларуску, падтрымаў затрыманага за наркотыкі журналіста Ўладзімера Чудзянцова. Андрэй Кім напісаў пра спробу падкінуць наркотыкі яму самому.
«Нямногія ведаюць, што мне таксама падкідалі наркотыкі — запаялі 30 грам гашышу ў кавалак мыла. Цудам я гэта знайшоў і змыў ва ўнітаз. Калі б ня ласка Божая, то ў мяне мог бы быць падобны эпізод. Таму, пакуль ня зьявіцца жалезных доказаў, я ня веру, што Чудзянцоў — барыга», — напісаў Андрэй Кім.
Падрабязнасьці гісторыі Андрэй Кім паведамляць не захацеў, але патлумачыў, навошта прыгадаў гэты выпадак.
«Я вырашыў падтрымаць Чудзянцова. Стаўленьне да яго можа быць рознае, але ў гэтай гісторыі выглядае, што наркотыкі яму падкінулі. Таму я падтрымліваў максымальную галоснасьць і недавер да гэтай справы. Гэтым сваім пастом я хацеў паказаць, што наркотыкі могуць падкінуць каму заўгодна», — сказаў Андрэй Кім Свабодзе.
Журналіста Ўладзімера Чудзянцова затрымалі на мяжы з Польшчай 21 лістапада ўвечары. У ягоных рэчах знайшлі 0,87 грама марыхуаны. Цяпер ён арыштаваны на 2 месяцы, яго падазраюць у кантрабандзе наркотыкаў, абвінавачваньня пакуль ня выставілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён ведаў, што можа адбыцца правакацыя». Гісторыя загадкавага затрыманьня журналіста Чудзянцова