24 лістапада у Менску выступіў скандальны расейскі рэпэр Face, які сьпявае пра свабоду і турму. Схадзілі на канцэрт і запыталіся ў маладых, чаму ім блізкія ягоныя песьні.
«Трэба, каб людзі зразумелі, што штосьці ў краіне адбываецца ня так»
Каля сталічнага клюбу Prime Hall разносіцца крык:
«Кто-то зовёт бухать, кто-то зовёт в кровать, кто-то зовёт курить, кто-то зовёт умирать», — выгукваюць некалькі маладых хлопцаў. Падхопліваюць дзяўчаты, і цяпер яны на ўсю моц крычаць разам.
Не, гэта ня заклік выпіць перад працоўным тыднем. Гэта маладзёны, блытаючыся ў словах, сьпяваюць песьню расейскага рэпэра Face. 24 лістапада ён даў першы канцэрт у Менску.
У 2017 годзе, калі канцэрт у беларускай сталіцы скасавалі праз папярэджаньне генэральнай пракуратуры, Іван Дромін, ён жа Face, сьпяваў пра «бургер», слова з трох літараў і «цёлак», насіў доўгія валасы і «кідаў Захад». Але ўжо ў 2018 годзе Face выпусьціў альбом «Пути неисповедимы». Доўгія валасы зьмяніліся на амаль лысіну, а песьні пра бургеры — на вострасацыяльны рэп.
Перад турнікетамі Prime Hall стаяць натоўпы маладых людзей. Хтосьці нават плача, бо забыўся дома пашпарт. З размоваў зразумела, што ўзроставае абмежаваньне забрала сяму-таму сьвята: «Слухай, скажы, што мы разам з табой. Нам па 16, але мы вельмі хочам на канцэрт!». Але нічога не атрымліваецца: пускаюць толькі з 18 ці са сваякамі.
На канапе ля ўваходу ў канцэртную залю сядзяць трое. Гэта 18-гадовыя Герман, Артур і Арцём. Аднаму з хлопцаў квіток на Face падарыла маці, іншыя прызнаюцца, што купілі ў апошнія дні, калі арганізатары зрабілі зьніжку амаль на 50%.
Хлопцы кажуць, што іх хвалюе ўсё, што адбываецца ў Беларусі. Напрыклад, яны не разумеюць, чаму тут такое жорсткае антынаркатычнае заканадаўства.
«Калі людзей саджаюць проста за тое, што яны захоўваюць наркотыкі для сябе, на 8-9 гадоў, асабліва падлеткаў, школьнікаў, гэта жахліва. Трэба мяняць Крымінальны кодэкс. Прэзыдэнта трэба зьмяняць!», — кажа Артур. Яго перабівае Герман:
«Лукашэнка павінен сысьці з пасады прэзыдэнта, бо ён занадта доўга сядзіць і занадта старыя законы...».
Артур лічыць, што ў Беларусі апалітычная моладзь, бо «пужаюць яшчэ са школы». Сярод праблемаў хлопцы пералічваюць брак месцаў для курэньня і закон «аб адтэрміноўках».
«Я непрыдатны да службы, мяне адтэрміноўкі ня вельмі тычацца, — кажа Артур. — Але ўсё роўна. Людзі спачатку вучацца ў каледжы, потым ідуць ва ўнівэрсытэт. Але яны не ідуць ва ўнівэрсытэт, бо інакш яны пойдуць у войска! Гэта кепска».
Раптам Артур пытаецца:
«А вы глядзелі новае відэа NEXTA? Пра тое, як журналістаў чапляюць за іх палітычную дзейнасьць? Ужо, як у Расеі, журналістам пачалі падкідваць наркотыкі. Проста трэба мяняць уладу. Трэба, каб людзі зразумелі, што штосьці ў краіне адбываецца ня так. А нашыя людзі памяркоўныя».
З Антонам, для якога Face — любімы выканаўца, мы сустракаемся ў бары. Хлопцу даспадобы позьняя творчасьць рэпэра: у ёй ён бачыць больш сэнсу.
«Штосьці змяняць трэба ў краіне: як у Расеі, так і ў Беларусі. У Беларусі ўсё трэба зьмяняць. Як мінімум сыстэму выбараў. У нас вялікія тэрміны за наркотыкі, вялікае абарачэньне наркотыкаў. На мітынгі людзі спрабуюць выходзіць, але гэта жорстка спыняецца. Я думаю пра будучыню сваёй краіны».
«Я хачу, каб сёньня было вельмі жорстка!»
Каля 20:00 пад крыкі «Face!» і «Выходзь!» Дромін выйшаў на сцэну з трэкам «Выходи». Адразу ўзгадаў, як два гады таму ня змог выступіць у Беларусі
«Два гады таму я ўжо быў тут, і ў нас не атрымалася, на жаль, сустрэцца. Face нарэшце ў Менску. Я хачу, каб сёньня было вельмі жорстка!»
Узбуджаныя маладзёны пачалі скандаваць «Face!» і «Менск!», а рэпэр засьпяваў песьню «Лабиринт» з новага альбому:
«Мой отец ушёл, когда мне было только пять месяцев. Я хотел повеситься, когда исполнилось десять. И моя мать сошла с ума, когда мне было четырнадцать. Почти все мои друзья сидят, как я смог выбраться?».
Перад кожным трэкам Face хваліў то публіку, то музыкаў зь Беларусі Ціму Беларускіх, Алега ЛСП і Макса Каржа, то горад Менск. Да канца так і не было зразумела, што гэта — дзяжурныя камплімэнты ці шчырасьць.
А вялікі натоўп маладзёнаў, выгукваючы «Мистер полицейский, мистер криминал», «Пошутил не так и ты попал в блэк-лист» ды іншыя вострасацыяльныя і палітычныя цытаты, штурхаўся ў слэме.
Праграмісты Раман і Дзяніс, якіх мы сустракаем каля барнай стойкі на выхадзе з канцэртнай залі, лічаць, што тэксты песень Face актуальныя для Беларусі. Напрыклад, тыя, дзе ён сьпявае пра карупцыю і сваволю сілавікоў.
«Хаця карупцыя, мне падаецца, увогуле для кожнай краіны актуальная», — кажа Раман. Яго сябар Дзяніс усьміхаецца і перадае прывітаньне для інцыятывы «Маці-328».
«Ёсьць такі францускі фільм „Нянавісьць“ — пра тое, што ў нізкай і неадукаванай часткі грамадзтва ёсьць нянавісьць. І яны ня маюць магчымасьці яе выплюхнуць. Яны нават нэўтралізаваць яе ня могуць. Вось Faсe — ён пра гэта, — разважае Раман. — Можа быць, у яго ня той слоўнік, каб выглядаць крытыкам ці змагаром з сыстэмай. Але пасыл такі. І, акрамя гэтага, у яго добрая музыка».
Хлопец кажа, што Дромін сьпявае пра тое, што адбываецца ў расейскім грамадзтве.
«Калі быў модным Гоша Рубчынскі, у Face была песьня пра яго. Сталі моднымі пратэсты — у яго выйшаў альбом „Пути неисповедимы“. Прычым гэтым альбомам ён ударыў па мэдыйнай расейскай машыне. Яна нібыта кепская — дзе Хаскі (расейскі рэпэр. — РС), дзе постмадэрнісцкі пратэст, бяззубы такі. Face проста бахнуў. Бэм! Ён інкарпараваў дыскурс АУЕшнікаў, сумясьціўшы яго з дыскурсам чувакоў, якія топяць за Навальнага. І на выхадзе мы атрымалі нейкую фігню, якую ніхто не ведае, як пераварыць».
Тым часам на канцэрце Face кідае фанатам ваду і дазваляе некаторым скакаць са сцэны ў натоўп.
Пасля канцэрту каля гардэробу ловім дзьвюх сябровак Надзю і Ганну.
«Канцэрт быў супэрскі. Падабаецца, што ён паказвае ня толькі свой усьвядомлены матэрыял, але тое, што ён рабіў раней, — „бургер“ і гэтак далей», — Надзя не хавае эмоцыяў.
Яе сяброўка Аня кажа, што пачала слухаць Face нядаўна, а раней ставілася да яго скептычна.
«Я сьпярша ўвогуле з пагардай ставілася. І толькі нядаўна, можа, з „Юмориста“, мне пачалі „заходзіць“ яго тэксты, бо яны з сэнсам. Face — гэта клясная палітычная зьява. Альбом „Пути неисповедимы“ — гэта тое, чаго заслужыла Расея. І Беларусь».
Пытаюся ў дзяўчат, чаму ў Беларусі іх аднагодкі часьцей ня маюць актыўнай грамадзянскай пазыцыі. Самі сябе да апалітычнай моладзі дзяўчаты не залічваюць.
Надзя кажа, што гэта пытаньне не на адну гадзіну, і адразу пераводзіць тэму. На мінулыя выбары.
«Мне толькі 18 споўнілася, а мама сказала: „Мы ня пойдзем на выбары“. А мне здаецца, што гэта мінімальнае, што мы можам зрабіць для краіны, няхай нават выбары не заўсёды сумленныя і дэмакратычныя. Бо потым ты прыходзіш на выбарчы ўчастак, а там адныя бабулі і дзядулі сядзяць».
«Моладзь ніхто ня вучыць палітыцы, а самому разьбірацца ў гэтым вельмі складана, — тлумачыць Аня. — Вакол шмат думак, і ты ня можаш іх фільтраваць, выбіраць сваё.
У нас ёсьць у мэнтальнасьці, што нам заўсёды трэба трываць. І мы проста не высоўваемся, Я ведаю шмат людзей майго ўзросту, якія хочуць штосьці зьмяніць. Проста яны разумеюць, што гэтую вялікую палітычную машыну нейкімі мітынгамі ня выправіць. А рэвалюцыі ні да чаго добрага ніколі не прыводзілі».