У Францыі прайшлі масавыя дэманстрацыі супраць гвалту над жанчынамі

Парыж, 23 лістапада 2019

У суботу, 23 лістапада, у Парыжы і іншых францускіх гарадах прайшлі масавыя дэманстрацыі супраць гвалту над жанчынамі. Паводле дадзеных арганізацыі Occurence, якая займаецца падлікам удзельнікаў акцый, у Парыжы ў дэманстрацыі ўзялі ўдзел 49 тысяч чалавек.

Акцыі адбыліся з ініцыятыву руху Nous toutes («Мы ўсе» у жаночым родзе). Іх падтрымалі дзясяткі асацыяцый, прафсаюзаў і палітычных партый, а таксама знакамітасьці. Напрыклад, акторкі Мюр’ель Рабэн, Летысія Каста і Жулі Гае. Актывісты спадзяюцца паўплываць на ўрад, каб улады ўзмацнілі барацьбу з сэксізмам, сэксуальным і хатнім гвалтам, ахвярамі якога ў пераважнай большасьці выпадкаў становяцца жанчыны і дзеці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фэмінізм патрэбны Беларусі, бо ў нашым грамадзтве не хапае чульлівасьці і эмпатыі», — Вольга Гапеева

Яшчэ летась дэманстрацыі супраць гвалту над жанчынамі набылі значны маштаб. Паводле падліку арганізатараў, 24 лістапада 2018 году на вуліцы францускіх гарадоў выйшлі 50 тысяч чалавек. Праўда, год таму «жоўтыя камізэлькі» крыху зацьмілі акцыі фэміністак: новаму тады руху «жоўтых камізэлек» СМІ прысьвяцілі нашмат больш этэрнага часу.

У Парыжы дэманстранты прайшлі ад плошчы Опэры да плошчы Нацыі пад дажджом. На чале калёны былі блізкія жанчын, якія загінулі ў выніку хатняга гвалту.