Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу на гульцоў хакейнага клюбу «Дынама-Маладэчна» за дамоўны матч з «Магілёвам», які адбыўся 12 лістапада 2019 году, паведамілі ў СК.
Сьледчы камітэт разам з МУС выявілі «факт аказаньня супрацьпраўнага ўплыву» на вынікі матчу чэмпіянату Беларусі па хакеі «Дынама-Маладэчна» — «Магілёў» 12 лістапада. Крымінальную справу за «спробу атрыманьня незаконнай узнагароды» за ўплыў на вынікі матчу (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 253 КК РБ) завялі на шэраг прадстаўнікоў хакейнага клюбу «Дынама-Маладэчна».
На допытах у якасьці падазраваных спартоўцы пацьвердзілі, што названы матч меў дамоўны характар.
Раней гэты матч выклікаў вялікія падазрэньні праз катыроўкі букмэкераў (каэфіцыент на яўнага аўтсайдэра матчу «Магілёў» рэзка ўпаў перад гульнёй — з 7.10 да 1.68), а таксама з прычыны ходу паядынку: «Дынама-Маладэчна» лідзіравала 5:1, але прайграла 5:6.