Абвешчаны прысуд па справе Андрэя Качура, былога начальніка аддзела цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту, паведамляе Tut.by.
Андрэя Качура прызналі вінаватым у падбухторваньні да дачы хабару на суму 25 тысяч даляраў і асудзілі да шасьці гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пры тым, што пракурор прасіў для былога супрацоўніка Сьледчага камітэту тры гады калёніі.
Андрэй Качур у суд прыйшоў зь вялікай торбай — чакаў, што яго возьмуць пад варту пасьля абвяшчэньня прысуду. Падчас сьледзтва ён знаходзіўся на волі. Віну Качур прызнаў цалкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачалі судзіць былога высокапастаўленага чыноўніка Сьледчага камітэтуПаводле сьледзтва, у 2017 годзе Андрэй Качур падбухторваў свайго знаёмага бізнэсоўца Андрэя Казачка даць хабар у 25 тысяч даляраў за паслабленьне пакараньня. У справе фігуруе і калега Качура Ільля Валозін, якому нібыта той павінен быў перадаць хабар.
Паказаньні Ільлі Валозіна ў судзе былі агучаныя ў закрытым рэжыме. Такое рашэньне судьдзя прыняў таму, што ў іх маглі прагучаць акалічнасьці, якія тычацца яшчэ не расьсьледаванай справы аб махлярстве, што вылучаная са справы Андрэя Качура.
У судзе прагучала інфармацыя, што ў ліпені 2018 году Андрэй Качур атрымаў чарговае званьне палкоўніка юстыцыі, а праз тыдзень быў узнагароджаны ордэнам «За бездакорную службу» 3 ступені. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандар Лукашэнка. Між тым на гэты момант пэўныя апэратыўныя структуры не маглі ня ведаць пра ягоныя дзеяньні ў 2017 годзе, якія цяпер разглядае суд, бо апэратыўная распрацоўка Качура тады ўжо вялася. Азнаямленьне з гэтымі апэратыўнымі матэрыяламі суд таксама зрабіў закрытым.