У Сэрбіі — скандал вакол меркаванага расейскага шпіёна

Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандр Вучыч.

Улады Сэрбіі пачалі расьсьледаваньне магчымай вярбоўкі супрацоўнікам расейскіх спэцслужбаў высокапастаўленага чыноўніка. Прэзыдэнт краіны Аляксандр Вучыч даручыў Агенцтву ваеннай бясьпекі праверыць адпаведны відэазапіс, які быў апублікавана ў youtube некалькі дзён таму, на якім меркаваны расейскі выведнік перадае грошы сэрбскаму агенту.


Спэцслужбы краіны ўжо пацьвердзілі сапраўднасьць запісу, перадае Радыё і тэлебачаньне Сэрбіі. Па дадзеных журналіста Хрыста Грозьдзева, які супрацоўнічае з расьсьледавальнай групай Bellingcat , на відэа — намесьнік ваеннага аташэ ў Бялградзе, супрацоўнік расейскай ваеннай выведкі Георгій Клебан перадае грошы свайму агенту ў Бялградзе. Гэты чалавек, як мяркуецца, зьяўляецца афіцэрам сэрбскай выведкі. Ягоны твар на відэа размыты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея і Сэрбія спрабуюць перашкодзіць Македоніі далучыцца да NATO — справаздача OCCRP

Сёньня прэзыдэнт Сэрбіі, як чакаецца, абмяркуе сытуацыю зь кіраўніцтвам выведкі, контрвыведкі, а таксама Генштабу ўзброеных сілаў краіны. Пасьля гэтага будуць апублікаваныя больш падрабязныя зьвесткі, заявіў міністар абароны Аляксандр Вулін. Ён назваў сытуацыю сур’ёзнай і адзначыў, што бачыць за гэтым спробу перашкодзіць таму, каб Сэрбія заставалася нэўтральнай у ваенных адносінах краінай.

Паміж Масквой і Бялградам склаліся трывалыя палітычныя і эканамічныя сувязі. Крэмль таксама падтрымлівае Сэрбію ў адмове прызнаць незалежнасьць Косава, а на ўзбраеньні сэрбскай арміі знаходзіцца расейская тэхніка. У пасольстве Расеі ў Бялградзе інфармацыю пра магчымую вярбоўку высокапастаўленага сэрбскага чыноўніка пакуль не камэнтавалі.