10 адрасоў паўстанцаў Каліноўскага, якія варта наведаць у Вільні

Кіраўнік антырасейскага паўстаньня на Беларусі і Літве і пачынальнік беларускай нацыянальнай ідэі Кастусь Каліноўскі назаўжды зьнітаваў сваё жыцьцё зь Вільняй. Напярэдадні цырымоніі перапахаваньня парэшткаў Каліноўскага ды іншых паўстанцаў, якую Свабода будзе трансьляваць у жывым эфіры, прапануем вашай увазе галоўныя адрасы цяперашняй сталіцы Літвы, зьвязаныя зь ім.

«Сьвятаянскія муры», дзе арыштавалі Каліноўскага

🏠Сучасны адрас: Pilies, 19

📜З кастрычніка 1863 году Кастусь Каліноўскі пад імем Ігнацы Вітажэнец жыў у кватэры № 16 чыноўніка віленскай казённай палаты Канстанціна Жаброўскага — у «гімназіяльным доме» на тагачаснай вуліцы Замкавай, побач з касьцёлам Сьвятога Яна.

«Каліноўскі звычайна ўставаў каля 9 гадзін, і, напіўшыся гарбаты, а 10-й гадзіне накіроўваўся з хаты па справах. Вяртаўся амаль заўсёды апоўдні або пад абед. У пачатку 6-й вечара да яго ў пакой дворнік Ігнат прыносіў самавар. Пасьля гарбаты Каліноўскі зноў выходзіў з кватэры і вяртаўся ў 8 або да паловы 9-й», — гісторык Васіль Герасімчык​ апісвае побыт лідэра паўстанцаў, якога тады ўжо пільна шукалі расейскія ўлады.

Тут Каліноўскага і арыштавалі царскія жандары ў ноч на 29 студзеня 1864 году. Перад гэтым увесь сьвятаянскі квартал ачапілі дзьве роты салдат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 пытаньняў і адказаў пра Кастуся Каліноўскага

Дамініканскі кляштар, дзе зьняволілі паўстанцаў

🏠Сучасны адрас: Dominikonų, 8 — Šv.Ignoto, 11

📜Цяперашні будынак касьцёла Сьвятога Духа ўжо прынамсі пяты на гэтым месцы. У 1408 годзе князь Вітаўт пабудаваў тут касьцёл, які пры Казіміру Ягайлавічы ператварылі ў мураваны (1441). З пачатку XVI ст. тут атайбаваліся манахі-дамініканцы.

Пасьля вайны 1812 г. расейскія ўлады перарабілі частку кляштара ў вязьніцу, дзе ўтрымлівалі філарэтаў (1822–1823) і ўдзельнікаў паўстаньня 1830–1831 гг.

Менавіта ў мурах канчаткова зьліквідаванага ў 1844 г. кляштара на загад генэрал-губэрнатара Мураўёва трымалі перад палявым судом лідэраў вызвольнага паўстаньня 1863 году: Кастуся Каліноўскага, Якуба Гейштара, Францішка і Тытуса Далеўскіх ды іншых.

Тут і зьявіліся на сьвет легендарныя «Лісты з-пад шыбеніцы» аўтарства Каліноўскага, падпісаныя «Яськам, гаспадаром з-пад Вільні».

У 1993-м віленскія беларусы павесілі на сьцяне кляштара мэмарыяльную дошку памяці нацыянальнага героя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арлоў і Дашкевіч чытаюць «Лісты з-пад шыбеніцы» і «Мужыцкую праўду». ВІДЭА

Лукіскі пляц, дзе павесілі Каліноўскага і паўстанцаў

🏠Сучасны адрас: Lukiškių aikštė

Лукіскі пляц, ліпень 2019

📜У 10.30 ранку 22 сакавіка 1864 году Кастуся Каліноўскага павесілі на запоўненым віленчукамі Лукіскім пляцы. Мяркуецца, шыбеніца стаяла паміж цяперашнімі будынкамі Музэю ахвяраў генацыду (Aukų, 2а) і кансэрваторыі (Gedimino pr., 42).

Калі зачытвалі прысуд і Каліноўскага назвалі «дваранінам», ён выгукнуў: «У нас няма дваран, усе роўныя!»

На другім баку плошчы ад меркаванага месца пакараньня Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 20 паўстанцаў, амаль пад самым касьцёлам Сьвятых Якуба і Піліпа, стаіць памятны крыж і мэмарыяльная пліта (з надпісамі на літоўскай і расейскай мовах).

Ужо ў 2000-х, дзякуючы настойлівасьці літоўскіх беларусаў, улады ўзялі пад ахову дзяржавы крыж з мэмарыяльнай плітой, а таксама 6 драўляных лавак і 10 дэкаратыўных ліхтароў з чырвонага граніту і чыгуну.

Замкавая гара зь вежай Гедзіміна, дзе пахавалі паўстанцаў

🏠Сучасны адрас: Arsenalo g. 5

Замкавая гара зь вежай Гедыміна, 21 лістапада 2019

📜Замкавую гару яшчэ называюць замкам ці гарой Гедзіміна. На гэтым месцы стаяў драўляны Верхні замак, які ўпершыню згадваецца ў лісьце вялікага князя літоўскага Гедзіміна ў 1323 г. Тады статус сталіцы Вялікага Княства Літоўскага перайшоў ад Наваградка да Вільні. Верхні замак ня толькі быў палітычным цэнтрам княства, але разам зь Ніжнім замкам утвараў ядро абарончага комплексу гораду.

Пасьля пажару 1419 г. вялікі князь літоўскі Вітаўт адбудаваў рэзыдэнцыю з каменю. Верхні замак быў разбураны маскоўцамі ў вайну 1654–1663 гг. Заходняя вежа (вежа Гедзіміна) — адзіны элемэнт колішняга замка, які захаваўся з тае пары. З 1960 г. у вежы месьціцца філіял Літоўскага нацыянальнага музэю.

Доўгі час меркавалі, што ў 1864 годзе на гары, дзе тады ўжо стаяў расейскі вайсковы гарнізон, таемна пахавалі Каліноўскага і ягоных паплечнікаў. Але доказаў не было. У 1921 г. на меркаванай магіле паставілі драўляны крыж з мармуровай шыльдай, на якой выбілі імёны 15 паўстанцаў. Пасьля перадачы Вільні Літве ў 1940-м крыж спалілі, а шыльда зьнікла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як літоўцы зачышчалі памяць пра Каліноўскага і зьнесьлі магілу паўстанцаў

Разьвязка наступіла ўжо ў ХХІ стагодзьдзі. Пасьля апоўзьняў у 2016 годзе на гары Гедзіміна пачалі працаваць археолягі. Яны і адкрылі пахавальную яму з парэшткамі, як пацьвердзілі пазьней антрапалягічныя дасьледаваньні, 20 паўстанцаў, сярод іх Кастуся Каліноўскага.

У месцы, дзе археолягі знайшлі парэшткі Каліноўскага, паставяць мэмарыяльны знак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА

Дом «пад балванамі», дзе зьбіраліся паўстанцы

🏠Сучасны адрас: Pylimo, 26 / Trakų, 1

📜Дом са статуямі атлянтаў вядомы яшчэ з XV ст. Належаў ён графам Тышкевічам, чый родавы герб захаваўся на франтоне. Яўстах Тышкевіч, стваральнік Лагойскага і Віленскага музэяў старажытнасьцяў, захоўваў тут частку сваіх археалягічных збораў, якія сталі асновай для першага беларускага музэю. У 1863 г. тут зьбіраліся паўстанцы Каліноўскага, хоць сам Тышкевіч падпісаў вернападданьніцкі ліст расейскаму манарху.

У «доме пад балванамі», як яго называлі ў народзе, быў і акруговы суд, дзе з 1884 да 1898 гг. служыў адвакатам «бацька беларускай літаратуры» Францішак Багушэвіч.

З траўня 1907-га да вясны 1908 г. у будынку на рагу Завальнай і Троцкай месьцілася рэдакцыя «Нашай Нівы». Менавіта сюды ў «Нашу Ніву» ўпершыню завітаў Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас). У 2017 годзе на доме адкрылі мэмарыяльную дошку ў гонар беларускага клясыка.

Дом гісторыка Нарбута

🏠Сучасны адрас: Pilies, 9

На доме, дзе жыў Нарбут, вісіць дошка ў яго памяць

📜Аўтар 9-тамовай «Гісторыі літоўскага народу» (1835–1841) і праекту будаўніцтва Бабруйскай фартэцыі Тэадор Нарбут (1784–1864) большую частку свайго віленскага жыцьця правёў у доме № 9 на вуліцы Замкавай.

У працах Нарбута, які быў прыхільнікам рамантычнай гістарыяграфіі, рэальныя гістарычныя падзеі перамяшаныя зь легендарнымі і міталягічнымі сюжэтамі.

Сям’я Нарбутаў падтрымала паўстаньне 1863–1864 гг. і брала ў ім непасрэдны ўдзел. У выніку рэпрэсій гісторык страціў повязь з роднымі.

Мэмарыяльная дошка ў гонар гісторыка, археоляга і архітэктара вісіць у галерэі Вялікага двара Віленскага ўнівэрсытэту (Universiteto, 3).

Дом паэта Сыракомлі

🏠Сучасны адрас: Barboros Radvilaitės, 3

Будынак, дзе жыў Сыракомля, захаваў нязьменны вонкавы выгляд ад першай паловы ХІХ ст

📜Паэт Уладзіслаў Сыракомля (1823–1862) паходзіў з Бабруйшчыны, яго бацькі былі безьзямельнай шляхтай. Жыў у Нясьвіжы, Наваградку, пад Вільняй, пакуль у 1852 годзе не пераехаў у «крывіцкую Мэку». Да самай сьмерці «вясковы лірнік», які зьбіраў і апрацоўваў беларускі фальклёр, кватараваў каля Катэдральнага пляца па вуліцы Каралеўскай. У ягонай кватэры разам з маладымі людзьмі розных поглядаў часта бываў Кастусь Каліноўскі; пазьней ён вучыў тут расейскай мове дзяцей паэта.

Сыракомля ўдзельнічаў у антыцарскай маніфэстацыі ў Коўне ў 1861 г., пасьля чаго на месяц трапіў за краты Лукіскай турмы.

У верасьні 1862 году больш за 10 тысяч чалавек, у тым ліку многія будучыя паўстанцы, праводзілі паэта ў апошні шлях на могілкі Росы.

На доме, дзе жыў Сыракомля, вісіць старая польскамоўная мэмарыяльная дошка. Гэты двухпавярховы будынак захаваў нязьменны вонкавы выгляд ад першай паловы ХІХ ст.

«Акадэмія Ромэраў»

🏠Сучасны адрас: Bokšto, 10

У будынку Ромэраў таксама дзейнічала знакамітая масонская лёжа «Руплівы літвін»

📜За сьцяной з брамай на вуліцы Бакшта захаваўся будынак XVІ ст., які з XVІІІ ст. належаў роду Ромэраў.

Менавіта тут жыў слынны мастак Альфрэд Ромэр (1832–97), пра што сьведчыць мэмарыяльная шыльда. У 1852 г. разам з бацькам, таксама мастаком, заснаваў найстарэйшую ў Вільні мастацкую майстэрню — «Акадэмію Ромэраў».

У выніку здушэньня нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гг. яго прыхільнік Альфрэд Ромэр быў зьняволены, пасьля чаго жыў у маёнтку Каралінава на Пастаўшчыне.

Ніводзін беларускі музэй ня мае твораў гэтага мастака. 28 карцін і 12 мэдальёнаў ягонай работы захоўваюцца ў Літоўскім мастацкім музэі.

У будынку на Бакшта таксама дзейнічала знакамітая масонская лёжа «Руплівы літвін».

Гатэль Нішкоўскага

🏠Сучасны адрас: Bokšto, 2

📜У будынку, які з другой паловы XVІІІ ст. належаў сям’і прафэсара хірургіі Віленскага ўнівэрсытэту Яна Нішкоўскага, месьціўся аднайменны гатэль. У сярэдзіне ХІХ ст. ім валодаў ужо іншы чалавек, Аляксандар Шульц, але ранейшую назву захаваў.

«У нумарах выдатная мэбля... адным словам, усе выгоды і незвычайная чысьціня, — пісаў у 1860 годзе гісторык Вільні Павел Кукальнік. — Для бясьпекі наведнікаў вароты на двор заўсёды замыкаюцца... а швайцар мае абавязак не прапускаць нікога незнаёмага, не даведаўшыся, хто ён і зь якой патрэбай прыйшоў у гатэль».

У гатэлі Нішкоўскага, які лічыўся ці не найлепшым у Вільні, незадоўга да пачатку паўстаньня (сакавік 1863-га) спыніўся адзін зь яго лідэраў капітан расейскага Генштабу Зыгмунт Серакоўскі, які прыехаў у Вільню зь Пецярбургу. Тут адбылося і тайнае паседжаньне вайсковай рады паўстаньня.

Могілкі Росы, дзе пахаваюць паўстанцаў

🏠Сучасны адрас: Rasų, 32

Капліца на Росах, дзе пахаваюць парэшткі паўстанцаў, 21 лістапада 2019

📜Хаваць тут упершыню пачалі ў XV стагодзьдзі. Аднак фармальна заснаваньне могілак як публічнага месца пахаваньня памерлых жыхароў Вільні датуецца 1769 годам. Сёньня агульная найстарэйшага нэкропаля Вільні складае 10,8 га.

Росы ёсьць адным з сымбаляў Вільні для беларусаў, палякаў і літоўцаў, бо тут спачываюць знакавыя дзеячы ўсіх трох народаў.

22 лістапада ў могілкавай капліцы пахаваюць парэшткі Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 18 паўстанцаў 1863–1864 гадоў. Аднак і сярод ранейшых пахаваньняў на Росах можна знайсьці надмагільлі паўстанцаў ці ўдзельнікаў антырасейскага супраціву.

Тут пахаваны паэт, удзельнік антыцарскай маніфэстацыі і добры знаёмец многіх паўстанцаў Уладзіслаў Сыракомля.

У 1911 годзе на Росах адбылося пахаваньне апошняга прадстаўніка паўстанцкага ўраду ў Літве і Беларусі 81-гадовага былога паўстанцкага начальніка Вільні Аляксандра Аскеркі. Нягледзячы на паліцэйскі кардон, разьвітаньне зь ім ператварылася ў патрыятычную маніфэстацыю грамадзкасьці горада. У адрозьненьне ад многіх лідэраў паўстаньня, сьмяротны прысуд яму замянілі катаргай у Сыбіры. У Вільню публіцыст і выдавец здолеў вярнуцца толькі праз 20 год пасьля гэтага.

Тут можна знайсьці і магілу яшчэ адной удзельніцы паўстаньня 1863–1864 гг. Людвікі Ямант (1833–1914). Гэта сястра Марыі Ямант, нарачонай Кастуся Каліноўскага. Людвіка ўваходзіла ў нелегальны жаночы камітэт у Вільні, які актыўна дапамагаў з распаўсюдам літаратуры, зборам правіянту і зброі. На кватэры Ямантаў знаходзілася кансьпіратыўная яўка Каліноўскага. У 1865 годзе Людвіку Ямант выслалі ў Разанскую губэрню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілы вядомых беларусаў на віленскіх Росах, дзе пахаваюць Каліноўскага

Што яшчэ цікавага ў Вільні для беларусаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскія адрасы паўстанцаў Каліноўскага. МАПА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вільня ці Вільнюс? Ці карэктна называць горад традыцыйным беларускім імем