Дзярждэпартамэнт ЗША: Да парлямэнцкіх выбараў у Беларусі ёсьць сур’ёзныя пытаньні

Прэсавая сакратарка Дзяржазнага дэпаратамэнту ЗША Морган Артагус

Прэсавая сакратарка Дзярждэпартамэнту ЗША Морган Артагус выступіла з адмысловай заявай, у якой выклала ацэнку Злучанымі Штатамі парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў Беларусі.

— ЗША прызнаюць мірнае правядзеньне парлямэнцкіх выбараў у Беларусі 17 лістапада і вялікую колькасьць акрэдытаваных мясцовых і міжнародных назіральнікаў.

Аднак місіі па назіраньні за выбарамі сумесна прыйшлі да высновы, што «фундамэнтальныя свабоды былі праігнараваныя і сумленнасьць выбарчага працэсу не была адэкватна абароненая». Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, Парлямэнцкая асамблея АБСЭ і Рада Эўропы выказалі вялікую заклапочанасьць гэтымі выбарамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ: Выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам

Мы выказваем шкадаваньне, што альтэрнатыўныя галасы ня будуць прадстаўленыя ў парлямэнце.

Да парлямэнцкіх выбараў у Беларусі ёсьць сурʼёзныя пытаньні наконт перашкодаў у рэгістрацыі партый, адмены рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, сумленнасьці працэсу датэрміновага галасаваньня, непразрыстай сыстэмы падліку галасоў, адсутнасьці плюралізму ў складзе выбарчых камісій, крымінальных санкцый за паклёп, абмежаваньняў на працу мэдыя і прававой базы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз: ад прэзыдэнцкіх выбараў залежыць будучыня стасункаў зь Беларусьсю

Мы адзначаем, што не адбылося зьмястоўных зьменаў выбарчага працэсу, прапановы па якіх падавалі БДІПЧ АБСЭ і Вэнэцыянская камісія Рады Эўропы. Мы працягваем заклікаць урад Беларусі правесьці сурʼёзную рэформу свайго выбарчага закону і выбарчага працэсу ў адпаведнасьці з парадамі БДІПЧ АБСЭ і Вэнэцыянскай камісіі Рады Эўропы.

Умацаваньне дэмакратыі ў Беларусі дазволіць умацаваць беларускі сувэрэнітэт і незалежнасьць, якія ЗША адназначна і рашуча падтрымліваюць, і пракласьці шлях да ўмацаваньня двухбаковых сувязей.