Румас: Засталіся неўрэгуляваныя пытаньні па рынках газу і нафты

Сяргей Румас і Дзьмітры Мядзьведзеў

Напярэдадні ў падмаскоўных Горках прайшло пасяджэньне савету міністраў саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Прэм’ер-міністры дзьвюх краінаў Сяргей Румас і Дзьмітры Мядзьведзеў вялі перамовы 7.5 гадзінаў.

Галоўнай тэмай была праграма паглыбленьня інтэграцыі. Мяркуецца, што кіраўнікі дзяржаваў Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падпішуць праграму 8 сьнежня.

Якім жа быў вынік шматгадзіннага абмеркаваньня?

Румас:

  • Усяго неабходна распрацаваць 31 «дарожную мапу», уключаючы больш за 700 мерапрыемстваў. Зь іх да сёньняшняй раніцы каля 40 мерапрыемстваў па дарожных картах не былі ўзгодненыя. І на працягу гэтых сямі гадзін мы падрабязна прайшліся па кожным з гэтых разыходжаньняў. Цяжка сказаць, колькі дакладна іх засталося, але, я думаю, што ня менш за палову з гэтых няўзгодненых пазыцыяў нам удалося сёньня зьняць.
  • Разам з тым засталіся складаныя пытаньні, па якіх нам не ўдалося знайсьці сёньня разьвязку. Але гэта ня значыць, што разьвязак па іх не існуе.
  • Калі па адчувальных для Беларусі «мапах» — па рынку газу або па нафтавым рынку — былі чатыры неўрэгуляваныя пытаньні, то сёньня іх засталося два. Разам з тым, яны складаныя і, напэўна, па іх кіраўнікам дзяржаў будуць прапанаваныя разьвязкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зацьверджаныя 21 з 31 дарожнай карты «паглыбленьня інтэграцыі». Не зацьвердзілі галоўныя

Мядзведзеў:

  • Вельмі карыснае, абсалютна адкрытае, з расстаноўкай акцэнтаў з нагоды таго, дзе мы дамовіліся, а дзе не дамовіліся, дзе яшчэ ёсьць рэсурс працягу перамоваў на ўзроўні ўрадаў, а па якіх пытаньнях нам давядзецца зьвярнуцца да прэзыдэнтаў дзьвюх краінаў, каб яны правялі неабходныя кансультацыі.
  • Недзе супярэчнасьці, якія захоўваюцца, маюць чыста тэхнічны характар, а недзе гэта досыць сурʼёзныя пытаньні і разыходжаньні ў падыходах, якія можна будзе ўрэгуляваць у фармаце абмеркаваньня паміж двума кіраўнікамі дзяржаваў, з удзелам урадаў дзьвюх краін.
  • Нашыя калегі ў найбліжэйшы час, за гэты тыдзень, падрыхтуюць новыя вэрсіі «дарожных мапаў», дзе будуць зьведзеныя вынікі сёньняшняй працы. На базе гэтых новых вэрсіяў мы правядзем яшчэ адно абмеркаваньне, мабыць, і ў фармаце перамоваў паміж міністрамі, і абавязкова стэлефануемся зь Сяргеем Мікалаевічам (Румасам — РС). А калі трэба будзе, то і сустрэнемся, нічога тут складанага няма, балазе паміж намі адлегласьць невялікая.