Прадстаўнікі беларускай мэдыясупольнасьці падпісалі Дэклярацыю аб неабходнасьці геаграфічнай лякалізацыі інтэрнэт-сэрвісаў і прызнаньня інтэрнэт-сэгмэнту Беларусі асобным рынкам, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Навошта
Цяпер актыўна запускаюцца агрэгатары навінаў накшталт папулярнага ў Беларусі расейскага «Яндекс.Новости», часткова дасяжнага Google News (праграма на смартфоне прапануе рэгіён «Беларусь», а вэб-вэрсія ня мае такога рэгіёну) або недасяжнага ў Беларусі Apple News. Карпарацыі пакуль ня ўлічваюць геаграфічную прывязку навінаў да Беларусі, хіба часткова лякалізуюць кантэнт.
Беларусам рэкамэндуюць або расейскія навіны, або ўпярэмешку расейскія і беларускія, або наогул ангельскамоўныя пры наяўнасьці беларускіх. У выніку беларускія СМІ апынаюцца ў няроўных умовах з расейскімі, украінскімі, польскімі, літоўскімі і латвійскімі СМІ, дзе навіны лякалізуюць для карыстальнікаў.
Хто падпісаў
Галоўныя рэдактары беларускіх выданьняў: Tut.by — Марына Золатава, Onliner.by — Мікалай Казловіч, БелаПАН — Ірына Леўшына, «Наша ніва» — Ягор Марціновіч, «Эўрарадыё» — Павал Сьвярдлоў, Citydog.by — Сяргей Сахараў, Kyky.org — Наста Рагатка, Reform.by — Фёдар Паўлючэнка, «Салідарнасьць» — Аляксандар Старыкевіч. Press Club Belarus: заснавальніца — Юлія Слуцкая, дырэктар — Мікалай Анішчанка, намесьніца дырэктара — Ала Шарко. А таксама старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, блогер Антон Матолька, мэдыякансультант Паўлюк Быкоўскі, віцэ-прэзыдэнт Digital Communication Network Франак Вячорка.
Каму гэта адрасавана
Зварот зьбіраюцца накіраваць у Google, Yandex, Mail.ru, Opera, Microsoft, Apple і іншым кампаніям, якія працуюць зь беларускім мэдыярынкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія сайты зрабілі адказнымі за тое, што на іх пішуць карыстальнікі