У Дзяржаўным архіве Жытомірскай вобласьці знайшлі мэтрычныя дакумэнты аб сьмерці беларуска-польскага пісьменьніка Яна Баршчэўскага ў мястэчку Чуднаў, дзе ён жыў апошнія гады свайго жыцьця. Да гэтага дакладная даты жыцьця пісьменьніка былі невядомыя. Знойдзены дакумэнт дапаможа ўнесьці яснасьць.
У гэтых дакумэнтах адзначаецца, што «дваранін Іаан Баршчэўскі» памёр ад сухотаў 28 лютага 1851 году ва ўзросьце 54 гадоў.
Ён быў парафіянінам Чуднаўскага рымска-каталіцкага касьцёла і, паколькі ня меў сваёй сям’і, быў пахаваны вікарыем гэтага храма Адамам Пурышкам на чуднаўскіх парафіяльных публічных могілках. Зьвесткі знаходзяцца ў мэтрычнай кнізе Чуднаўскага рымска-каталіцкага парафіяльнага касьцёла.
Гэтыя зьвесткі супярэчаць інфармацыі, зьмешчанай на знойдзеным сёлета ягоным надмагільлі — на ім па-польску пазначана, што Ян Баршчэўскі, які «любіў Бога, прыроду і людзей, пісьменьнік натхненьняў і пачуцьця, жыў годна 70 гадоў».
Дагэтуль невядома дакладная дата нараджэньня Яна Баршчэўскага — у розных крыніцах называюцца як 1790-ы, так і 1794 год. Аднак, калі чуднаўскі вікарый не памыліўся з узростам, калі рабіў запіс аб сьмерці пісьменьніка, то яшчэ адной імавернай датай нараджэньня можа быць 1797 год.
Лёс надмагільля пакуль нявырашаны
Надмагільную пліту сёлета ў красавіку знайшлі ў Чуднаве на падворку мясцовага жыхара Анатоля Прыходчанкі, а пазьней перадалі на захоўваньне ў мясцовы рымска-каталіцкі касьцёл Адшуканьня Крыжа Гасподняга. Плянавалася пасьля рэстаўрацыі ўсталяваць яе на тэрыторыі касьцёла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьцежкамі Яна Баршчэўскага. Рэпартаж з гораду, дзе знайшлі надмагільле беларускага пісьменьнікаАле цяпер надмагільле Яна Баршчэўскага перавезьлі ў Жытомір. «Пліта знаходзіцца ў Жытомірскім абласным саюзе палякаў Украіны і зьяўляецца ўласнасьцю гэтай арганізацыі», — паведаміла Свабодзе кіраўніца жытомірскай польскай дыяспары Вікторыя Ляскоўская-Шчур.
Паводле яе, рэстаўрацыю яшчэ не пачыналі, бо спачатку знаходцы трэба прысвоіць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, а потым знайсьці грошы на яе аднаўленьне. «Дакумэнты на прысваеньне статусу таксама яшчэ не падрыхтавалі», — дадала яна.
Месца пахаваньня невядомае
Мэтрычны запіс, знойдзены ў Жытомірскім архіве, таксама пацьвярджае, што Ян Баршчэўскі быў пахаваны на іншых могілках у Чуднаве, а не на тэрыторыі дзейнага рымска-каталіцкага касьцёла, куды спачатку перадалі надмагільле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Надмагільную пліту Яна Баршчэўскага ва Ўкраіне перадалі на захаваньне касьцёлуЯк паведаміў Свабодзе айцец Мірон Шалавінскі (ён у красавіку ачольваў рымска-каталіцкі прыход у Чуднаве, а цяпер пераведзены ў Крым), архіўныя дакумэнты пацьвярджаюць, што пісьменьнік быў пахаваны на могілках іншага касьцёла, які зруйнаваны савецкай уладай у 1935-1936 гадах і знаходзіўся паблізу падворку, дзе і знайшлі надмагільную пліту.
Хто такі Ян Баршчэўскі
Ян Баршчэўскі — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, нарадзіўся ў Полацкім павеце.
Паступіў у Полацкую езуіцкую акадэмію. Менавіта там ён набыў вядомасьць як чытальнік і аўтар вершаў. У 1809 годзе напісаў паэму «Пояс Вэнэры», якая, на жаль, не захавалася.
Студэнцкія канікулы часьцей за ўсё праводзіў у падарожжах па навакольлях возера Нешчарда. Зьбіраў беларускі фальклёр, апісваў курганы і гарадзішчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 фактаў пра першага беларускага пісьменьніка Яна Баршчэўскага, чыё надмагільле знайшлі ва ЎкраінеПісаў па-польску і па-беларуску, вядомыя ягоныя вершы, напісаныя па-беларуску — «Дзеванька» (прысьвечаны любімай дзяўчыне, Максімовіч) і «Бунт хлопаў».
У 1820-х пераехаў у Пецярбург, дзе выкладаў грэчаскую і лацінскую мовы, вывучаў старажытную літаратуру. Там жа пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам. Разам зь іншымі літаратарамі выдаваў штогадовы альманах «Niezabudka» на польскай мове.
Ягоны найбольш вядомы твор — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» — напісаны па-польску.
Да 1850 году пераехаў жыць у Чуднаў, ва Ўкраіну. Апошнія гады жыцьця правёў у доме графіні Ю. Ржавускай. Там жа ў той час жыў мастак Напалеон Орда. Памёр ад сухотаў.