Сёньня ў Менску адбыўся Форум па кіраваньні інтэрнэтам Belarus IGF. Яго чацьвёрты год запар праводзіць хостынг-правайдэр і тэхнічны адміністратар нацыянальных дамэнных зон — кампанія Hoster.by.
На форуме было таксама прэзэнтавана беларускае выданьне кнігі Ёвана Курбалія «Кіраваньне інтэрнэтам».
Карэспандэнт Свабоды пагутарыў зь некаторымі ўдзельнікамі форуму пра сытуацыю ў Беларусі.
«Праблема масавага сачэньня хвалюе карыстальнікаў»
Юрыст і сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казьлюк: «У Беларусі ёсьць дастаткова жорсткае і вельмі падрабязнае заканадаўства пра тое, што можна і што нельга рабіць у інтэрнэце, і ёсьць фактычна ўсе інструмэнты, каб прыцягваць да адказнасьці за тыя ці іншыя парушэньні альбо нават за нейкую інфармацыю, якая па міжнародных стандартах не зьяўляецца забароненай. Але на практыцы гэтыя меры прымяняюцца ня так шырока, як, напрыклад, у той жа Расеі. Калі параўноўваць, то колькасьць заблякаваных сайтаў у Казахстане і Расеі на некалькі парадкаў большая. Але праблема ў тым, якія сайты блякуюцца. Дагэтуль мы бачым блякаваньне „Хартыі’97“, дагэтуль ёсьць шэраг замежных рэсурсаў, якія блякуюцца. 15 лістапада была навіна, што заблякаваны паштовы сэрвіс ProtonMail. Гэта ня тое, што павінна блякавацца ў дэмакратычнай дзяржаве, і гэта вельмі нэгатыўная тэндэнцыя».
«Пытаньне ў тым, ці адключаць нам заўтра інтэрнэт, ці не. Нейкіх канстытуцыйных альбо заканадаўчых гарантый ад гэтага ў нас няма. І пакуль мы ня бачым вельмі яснага адказу на пытаньне, што сабой будзе ўяўляць лічбавы сувэрэнітэт і якімі мэтадамі ён будзе забясьпечвацца».
«У Беларусі таксама ёсьць сыстэма блякаваньня вэб-сайтаў, ёсьць сыстэма сачэньня за грамадзянамі. Праблема гэтага масавага сачэньня хвалюе карыстальнікаў. Падчас нашай дыскусіі сёньня гэта было названа адным з самых вялікіх выклікаў для нас, для разьвіцьця інтэрнэту».
«Інтэрнэт павінен заставацца глябальным»
Вольга Федарэева, начальнік упраўленьня электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі: «Інтэрнэт — гэта нешта шматграннае і складанае, жывая істота. Калі параніць у адным месцы, то яна адчуе боль па ўсім сваім целе. Кіраваць інтэрнэтам у цэлым практычна немагчыма. Дзяржава ставіць задачу ўлічыць інтарэсы ўсіх. З аднаго боку, прыходзяць людзі і просяць іх абараніць. Зь іншага боку, прыходзіць бізнэс, які хоча атрымліваць выгаду. Таксама мы ня можам быць ізаляванымі ад іншых краін. Таму пры ўдасканальваньні заканадаўства мы вельмі ўзважана падыходзім, адбываецца многа дыскусій. Інтэрнэт павінен заставацца глябальным, інакш ён страціць карысьць для дзяржавы і для кожнага з нас», - сказала Вольга Федарэева пад час дыскусіі.
«Заканадаўства не павінна выкарыстоўвацца дзеля таго, каб некага прыціскаць»
Аляксандар Сушко, кіраўнік праекту па разьвіцьці бізнэсу ў Беларусі, Group-IB: «Заўсёды самае важнае — пытаньне правапрымяненьня. Любы закон ці ўказ можа быць добрым, але гледзячы як яго прымяняць. Праблемы ёсьць у любой краіне, і ў Беларусі яны ёсьць. Я думаю, гэта пагрозы адносна грамадзян. То бок гэта тыя ж атакі на грамадзян, выкраданьні грашовых сродкаў. Тут ідзе вялікі рост, і калі яго не спыняць, то будзе вельмі многа пацярпелых. А калі мы сюды падключаем яшчэ пэрсанальныя дадзеныя, то ўцечкі гэтых пэрсанальных дадзеных могуць пацягнуць за сабой яшчэ большыя пагрозы. Але заканадаўства не павінна выкарыстоўвацца дзеля таго, каб некага прыціскаць і перасьледаваць, а павінна выкарыстоўвацца дзеля таго, каб лавіць рэальных зламысьнікаў. Блякаваньне выкарыстоўваецца, каб прыбіраць нэгатыўныя зьявы — дзіцячая парнаграфія, зброя, заклікі да экстрэмізму. Калі не закрываць гэтыя сайты, будзе дрэнна. Але калі пад гэта трапляюць сайты, якія нясуць сьвятло людзям, то гэта іншы момант».
«Ніякіх глябальных парушэньняў правоў і свабодаў не плянуецца»
Яўген Ліплянін, спэцыяліст Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Беларусі: «Што будзе далей мяняцца ў заканадаўстве? Тое, што мы агучылі пры выданьні канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі. Тое, што пытаньні інфармацыйнай і кібэрбясьпекі цяпер праходзяць узгадненьне на ўзроўні нарматыўна-прававога дакумэнта. Там будзе мадэрнізацыя гэтых рашэньняў. Пакуль гэта праекты. Як гэта будзе забясьпечвацца на ўзроўні апэратараў электрасувязі, пакуль яшчэ не зусім вядома. Але ніякіх глябальных парушэньняў правоў і свабодаў не плянуецца. І ня будзе».
«Карыстальнік зь Беларусі павінен бачыць інфармацыю ад беларускіх вытворцаў кантэнту»
Фёдар Паўлючэнка, рэдактар сайта Reform.by: «Ёсьць дэклярацыя беларускіх мэдыя з патрабаваньнем да ўсясьветных карпарацый, каб яны падтрымлівалі і бачылі, што ёсьць такая краіна Беларусь і ёсьць беларускі мэдыярынак. Насамрэч Google гэтага ня робіць цяпер. І тут справа ня ў тым, каб улічваць толькі беларускую мову. Калі карыстальнік прыходзіць зь Беларусі, то ён павінен бачыць інфармацыю пра Беларусь і ад беларускіх мэдыя, ад беларускіх вытворцаў кантэнту. Гэта галоўная праблема цяпер. І наша дэклярацыя зьмяшчае патрабаваньне зрабіць нешта для беларускага мэдыярынку. Гэтую дэклярацыю мы дашлём у Google, у дзяржаўныя ўстановы, беларускія, амэрыканскія, эўрапейскія. Гэта першы крок. Тое, што мы хацелі б бачыць у Беларусі, Google зрабіў для Ўкраіны, Літвы, Латвіі і Расеі. Але для Беларусі гэта чамусьці ня робіцца».
«Мы пакуль не чапаем інтэрнэт»
На міжнароднай канфэрэнцыі па барацьбе з тэрарызмам, якая прайшла ў верасьні ў Менску, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выказаўся адносна рэгуляваньня інтэрнэту ў краіне.
Паводле Лукашэнкі, кожная дзяржава самастойна адказвае на пытаньні, як сябе паводзіць у лічбавай прасторы, як рэгуляваць інтэрнэт.
«У Беларусі як сувэрэннай краіны ёсьць уласная думка на тэму маральных, этычных і прававых межаў свабоды інтэрнэту. Я так свабодна кажу па пытаньні інтэрнэту, таму што ніхто з вас мяне не папракне, што мы хоць у нечым абмежавалі інтэрнэт у Беларусі. Хоць трэба было. Але пакуль яшчэ ня ведаем, як гэта зрабіць так, каб цывілізаванае грамадзтва зноў не паставіла нас пад санкцыі. Таму мы пакуль не чапаем інтэрнэт. Справа, час церпяць», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу стаць ютубэрам». Ці трэба баяцца лічбавай залежнасьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ды ня трэба нам Навальны!» — што беларускія актывісты робяць у інтэрнэце