Газэта The Times напісала пра сувязь «Міс Беларусь 2018» з Лукашэнкам

Марыя Васілевіч і Аляксандар Лукашэнка, сьнежань 2018

Самым маладым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Беларусі стала 22-гадовая каралева прыгажосьці Марыя Васілевіч, якая была «рамантычна зьвязана» з прэзыдэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта піша The Times, называючы кіраўніка дзяржавы «шматгадовым дыктатарам».

Васілевіч часта бачылі з 65-гадовым Лукашэнка на публіцы з тых часоў, як у траўні летась яна атрымала тытул «Міс Беларусь». Яны разам наведвалі дзяржаўныя фэстывалі, хакейныя матчы, а таксама чэмпіянат сьвету па футболе 2018 у Расеі. The Times адзначае, што Лукашэнка ўзнагародзіў Васілевіч дзяржаўнай мэдалём за ўклад у культуру і дабрачыннасьць, а таксама асабіста назіраў за яе падрыхтоўкай да конкурсу «Міс сьвету 2018». На ім яна заняла трэцяе месца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмелая першакурсьніца, прынцыповыя назіральнікі і ўвесь «Моладзевы блёк». Хто стаў героем выбарчай кампаніі?

У публікацыі адзначаецца, што Марыя Васілевіч ня мае палітычнага вопыту. У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу яна мае намер заняцца прыцягненьнем увагі да праблем моладзі.