На слуханьнях па імпічмэнце прэзыдэнта ЗША выступіць былы спэцпрадстаўнік ва Ўкраіне. УЖЫВУЮ 

Былы спэцпрадстаўнік ЗША ва Ўкраіне Курт Волкер пасьля ранейшых закрытых слуханьняў у Кангрэсе, 3 кастрычніка 2019

На адкрытых слуханьнях у Кангрэсе ЗША ў рамках расьсьледаваньня аб магчымасьці імпічмэнту прэзыдэнта Дональда Трампа ў аўторак маюць выступіць адразу чатыры сьведкі.

Палата прадстаўнікоў вывучае пытаньне аб тым, ці аказваў Трамп ціск на ўлады Ўкраіны з мэтай нашкодзіць свайму палітычнаму апанэнту, былому віцэ-прэзыдэнту і магчымаму кандыдату ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэну. У цэнтры расьсьледаваньня — пытаньне пра тое, ці была наўпрост зьвязана замарозка вайсковай дапамогі Кіеву з боку ЗША з патрабаваньнем да ўкраінскіх уладаў расьсьледаваць дзейнасьць сына Байдэна ва Украіне.

Удзень у аўторак перад камітэтам Палаты прадстаўнікоў па выведцы выступаюць падпалкоўнік Аляксандр Ўіндман, супрацоўнік Рады нацыянальнай бясьпекі, які быў сьведкам тэлефоннай размовы Трампа з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім 25 ліпеня, а таксама Джэніфэр Ўільямс, памочніца віцэ-прэзыдэнта Майкла Пэнса.

Увечары ў аўторак камітэт заслухае яшчэ двух сьведак — былога спэцпрадстаўніка ЗША ва Ўкраіне Курта Волкера і супрацоўніка Белага дому Тыма Морысана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стала вядома на першых адкрытых слуханьнях па імпічмэнце прэзыдэнта ЗША
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На слуханьнях па імпічмэнце Трампа выступіла экс-амбасадарка ЗША ва Ўкраіне. ВІДЭА