Супрацоўнікі менскага ДАІ спынілі 17 лістапада аўтамабіль «Крайсьлер» з нумарамі «неўстаноўленага ўзору». Аўтамабіль зьмясьцілі на стаянку Ленінскага РАУС, на кіроўцу склалі адміністрацыйны пратакол.
Што за нумары?
Нумары падобныя да афіцыйных рэгістрацыйных знакаў, якія маюць беларускія кіроўцы, але:
- Пад чырвона-зялёным сьцягам (але не Рэспублікі Беларусь, а БССР) на нумарах напісана BYS. Гэта код краіны БССР паводле стандартаў ISO.
- Справа на нумар наклееныя два гербы: адзін падобны да герба БССР, другі — да лягатыпу незарэгістраваных «Земстваў Белай Русі».
Чаму машыну затрымалі?
Машыну зьмясьцілі на стаянку Ленінскага РАУС, бо супрацоўнікі ДАІ не змаглі на месцы праверыць сапраўднасьць нумароў і VIN-нумару кузава машыны.
Пасьля праверкі высьветлілася, што кіраваў машынай мянчук 1974 году нараджэньня. На яго склалі адміністрацыйны пратакол за кіраваньне машынай з заведама падробным ці зьмененым рэгістрацыйным знакам ці нумарам кузаву. Яму можа пагражаць штраф ад 245 да 490 рублёў.
Да 17 лістапада кіроўца прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці больш як 60 разоў. Сярод парушэньняў:
- стварэньне аварыйнай сытуацыі;
- праезд скрыжаваньня на забаронены сыгнал сьвятлафора;
- няпропуск пешахода;
- перавышэньне хуткасьці.
Што вядома пра «Земствы Белай Русі»?
Гэта незарэгістраваная арганізацыя, якая дзейнічае ад 2018 году і мае грамады па ўсёй Беларусі. Яе сябры лічаць сябе грамадзянамі СССР ці БССР, бо, на іх думку, няма адпаведных дакумэнтаў аб спыненьні дзейнасьці гэтых дзяржаў.
Удзельнікі земстваў:
- адмаўляюць грамадзянства Беларусі, называючы сябе грамадзянамі СССР ці БССР або «жывымі мужчынамі/жанчынамі»;
- адмаўляюць пашпарты і іншыя сродкі ідэнтыфікацыі асобы, маюць пры гэтым пасьведчаньні чальца грамады ці «ID-карткі» грамадзян БССР;
- адмаўляліся ўдзельнічаць у перапісе насельніцтва.
Сваю дзейнасьць грамады называюць самакіраваньнем, пра пачатак дзейнасьці яны плянавалі паведаміць дзяржаўным органам Беларусі. На чале менскай грамады стаіць Сяргей Созінаў.