Міжнародныя назіральнікі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і БДІПЧ АБСЭ па выніках назіраньня прыйшлі да высновы, што выбары ў Палату прадстаўнікоў Беларусі не адпавядалі важным міжнародным дэмакратычным стандартам.
Што ў заяве?
- «Парлямэнцкія выбары прайшлі ў спакойнай абстаноўцы, аднак не адпавядалі міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў»
- «Істотныя працэдурныя недахопы падчас падліку галасоў выклікалі заклапочанасьць адносна таго, ці былі падлік галасоў і паведамленне пра яго праўдзівымі, а агульны недахоп празрыстасці знізіў магчымасць паўнавартаснага назірання».
- Назіральнікі АБСЭ бачылі «зьнявагу асноўных свабодаў: сходаў, самавыражэньня» — свабодаў, гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі. Назіральнікі канстатавалі, што яшчэ пры рэгістрацыі кандыдатаў бачылі «занадта абмежавальны працэс».
- Назіральнікі заўважылі і тое, што ў выбарчых камісіях дамінавалі дзяржаўныя службоўцы, а іхная бесстароннасьць і незалежнасьць была абмежаваная. Сьпісы выбарнікаў засталіся непублічнымі.
Кіраўнік дэлегацыі ПА АБСЭ: «Па сутнасьці безальтэрнатыўныя выбары»
Парлямэнцкія выбары, якія прайшлі ў Беларусі, былі неканкурэнтнымі, заявіў кіраўнік дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Дзітмір Бушаці 18 лістапада на сумеснай прэс-канфэрэнцыі ў Мінску назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ, ПА АБСЭ і Парлямэнцкай асамблеі Савета Эўропы, паведамляе БелаПАН.
«Адсутнасьць прадстаўнікоў апазыцыі ў складзе выбарчых камісій стварае рызыкі ў пытаньні бесстароннасьці пры падвядзеньні вынікаў выбараў, — сказаў ён. — Мы прыйшлі да высновы, што гэтыя выбары не разглядаліся ўладамі як магчымасьць для актыўнага ўдзелу насельніцтва ў важных палітычных пытаньнях. Выбары без свабоды абмеркаваньня і сапраўднага ўдзелу, што мы назіралі ў Беларусі, не ўяўляюць сабой тую магчымасьць для грамадзтва, якой павінны быць выбары».
Ён падкрэсьліў, што ўдзельнікі палітычнага працэсу «на справе не мелі тут роўных магчымасьцяў, што прывяло па сутнасьці да безальтэрнатыўных выбараў».
У сваю чаргу кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ Корыен Ёнкер адзначыла, што значная колькасьць сродкаў масавай інфармацыі, якія фінансуюцца дзяржавай, абмяжоўваюць прастору для незалежных СМІ, «зьніжаючы агульны ўзровень плюралізму ў мэдыяасяродзьдзі». Паводле яе слоў, нешматлікія СМІ спэцыялізуюцца на палітычных праблемах, што прыводзіць да недастатковай інфармаванасьці выбаршчыкаў аб кандыдатах і кампаніі.
«Нягледзячы на замацаваныя ў Канстытуцыі гарантыі свабоды слова і забароны цэнзуры, за паклёп прадугледжаная крымінальная адказнасьць, што выкарыстоўваецца ў мэтах запалохваньня журналістаў, — сказала Ёнкер. — Высокая доля дзяржаўных СМІ, а таксама націск на незалежныя СМІ, блогераў і іншых незалежных камэнтатараў стрымліваюць свабоду слова. Нядзіўна, што многія незалежныя журналісты адчуваюць неабходнасьць зьвяртацца да самацэнзуры для пазьбяганьня магчымых рэпрэсій».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прымус, шантаж, маніпуляцыі. Высновы назіральнікаў пра датэрміновае галасаваньнеНа пытаньне журналістаў, ці азначае нэгатыўная ацэнка выбараў непрызнаньне легітымнасьці беларускага парлямэнта з боку АБСЭ, спэцыяльны каардынатар і кіраўнік кароткатэрміновай місіі назіральнікаў ад АБСЭ Маргарэт Сэдэрфэльт сказала: «Легітымнасьць не гарантуецца міжнароднай арганізацыяй, яна гарантуецца самім народам Беларусі, не намі. Мы знаходзімся тут, каб спрыяць празрыстасьці і ўмацаваньню выбарчых працэсаў у Беларусі. Мы спадзяемся, што нашы назіраньні будуць прынятыя пазытыўна і будуць спрыяць пасьпяховаму правядзеньню далейшых выбараў».
Міжнародная місія па назіраньні за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі складалася з 437 назіральнікаў з 45 краін. Гэта 342 накіраваныя БДІПЧ экспэрты, доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя назіральнікі, 69 парлямэнтароў і прадстаўнікоў пэрсаналу ПА АБСЭ і 26 прадстаўнікоў ПАСЕ.
Паводле Tut.by, кіраўнік дэлегацыі ПАРЭ лорд Блэнкатра заявіў, што ПАРЭ расчараваная невыкананьнем рэкамэндацый — «такім чынам [Беларусь] пазбавіла сваіх выбарнікаў і кандыдатаў магчымасьці паўнавартасна ўдзельнічаць у дэмакратычным працэсе».
Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».