Паліцыя Ганконгу ўзяла штурмам кампус унівэрсытэту

Сутычкі на тэрыторыі політэхнічнага унівэрсытэту, Ганконг, 18 лістапада 2019

Паліцыя Ганконгу штурмам узяла кампус політэхнічнага унівэрсытэту, дзе апошнімі днямі хаваліся пратэстоўцы. Паводле СМІ, ёсьць арыштаваныя і параненыя. Іх колькасьць удакладняецца.

Студэнты закідвалі паліцыянтаў бутэлькамі з запальнай сумесьсю. Гэта прывяло да пажараў. У адказ паліцыя выкарыстала сьлезацечны газ, гумовыя кулі і вадамёты. Рэктар унівэрсытэту дамовіўся спыніць апэрацыю, калі студэнты спыняць радыкальныя выступы. Ён прапанаваў навучэнцам пакінуць тэрыторыю ўнівэрсытэту і здацца. Актывісты сьцьвярджаюць, што паліцыя затрымлівала ўсіх, хто спрабаваў пакінуць кампус падчас штурму.

У паліцыі факт штурму і правядзеньне рэйдаў ўнутры кампусу адмаўляюць і сьцьвярджаюць, што затрымлівалі толькі радыкальных актывістаў.

Пратэсты ў Ганконгу пачаліся летам. Спачатку пратэстоўцы патрабавалі адмяніць разгляд законапраекту аб экстрадыцыі ў мацерыковы Кітай. Улады пайшлі на саступкі, але актывісты сталі дамагацца расьсьледаваньня дзеяньняў паліцыі на акцыях, вызваленьня ўсіх арыштаваных падчас пратэстаў, адстаўкі кіраўніка аўтаноміі Кэры Лам і большай незалежнасьці ад Пэкіну.