Улада грамадзтву: «Я начальнік — ты дурань; мне ўсё, табе нічога»

Выбары ў Палату прадстаўнікоў. Участак, дзе галасуе Лукашэнка. 17 лістапада 2019 году

Вынікі выбарчых кампаніяў у Беларусі загадзя вядомыя, але хада і акалічнасьці гэтых кампаніяў маюць істотнае значэньне для фіксаваньня і канстатацыі тых палітычных рашэньняў і тэндэнцыяў, на якія абапіраецца ўлада ў сваёй цяперашняй палітыцы.

Сьцісла:

  • «Гульня ў дэмакратыю» — гэта тое, што даецца Лукашэнку цяжэй за ўсё
  • Калі далей рабіць саступкі, то апанэнты на гэтым ня спыняцца. І дзякуй ня скажуць, і — адчуўшы слабасьць улады — будуць патрабаваць новых.
  • З гледзішча халоднай палітычнай лёгікі пропуск у Палату некалькіх апазыцыйных дэпутатаў меў толькі плюсы для ўлады.
  • Беларуская ўлада мае іншую лёгіку: «я начальнік — ты дурань», «я забіраю ўсё, ты нічога».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыі няма. Як ішоў дзень галасаваньня за дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў

На гэтых парлямэнцкіх выбарах улада мела магчымасьць ажыцьцявіць адносна «мяккі», «лібэральны» варыянт правядзеньня кампаніі і яе вынікаў. Пасьля парлямэнцкіх выбараў 2016 году, калі ў Палату прапусьцілі апазыцыйных Алену Анісім і Ганну Канапацкую, многія чакалі, што гэтая тэндэнцыя цяпер працягнецца. Праўладныя (і ня толькі) аналітыкі загаварылі пра «нармалізацыю» стасункаў з Захадам, унутраную «лібэралізацыю», «мяккую беларусізацыю». Усё гэта, папраўдзе, даволі розныя працэсы, але яны ішлі побач, пад адным ідэйным парасонам.

Першыя сумневы ў тым, што палітычная лібэралізацыя будзе працягвацца, зьявіліся падчас апошніх мясцовых выбараў у лютым 2018 году, калі сярод дзясяткаў тысяч мясцовых дэпутатаў не знайшлося ніводнага мандата для апазыцыянэраў. Далей, цягам 2018/2019 году адбыліся ператрус у офісе «Белсату», крыжалом у Курапатах, «справа БелТА», справы супраць анархістаў, перасьлед блогераў, перашкоды ў правядзеньні 25 сакавіка 2019-га і затрыманьне Зьмітра Дашкевіча і гэтак далей. Цяперашнія парлямэнцкія выбары, здаецца, павінны паставіць (прынамсі, на сёньняшні момант) кропку ў гэтым пытаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не рэкорд. ЦВК назваў яўку на выбары ў Палату прадстаўнікоў

Зразумела, што некалькі іншадумных дэпутатаў у Палаце прадстаўнікоў нічога не зьмянілі б, ніяк не паўплывалі б на агульную палітыку — пра што і казаў сам Лукашэнка на выбарчым участку 17 лістапада. Таксама відавочна, што ва ўмовах адпрацаванай дзесяцігодзьдзямі сыстэмы фальсыфікацыяў больш ляяльнае стаўленьне да назіральнікаў, дазвол ім здымаць ці назіраць за падлікам на некаторых участках таксама наўрад ці перашкодзіў у стратэгічным сэнсе забясьпечыць патрэбны вынік.

Даволі жорсткі варыянт правядзеньня выбараў — гэта быў відавочны і празрысты пасыл і грамадзтву, і ўласна намэнклятуры — «годзе, нагуляліся ў „лібэралізацыю“». «Наеліся гэтай дэмакратыі, — казаў Лукашэнка ў красавіку 2011 году, калі за кратамі яшчэ сядзелі кандыдаты ў прэзыдэнты. — Як толькі пачалі гуляцца ў нейкую дэмакратыю, вось мы і атрымалі вынік».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назіральніка, які пытаўся ў Лукашэнкі, навошта ў Беларусі выбары, пазбавілі акрэдытацыі

«Гульня ў дэмакратыю» — гэта тое, што даецца Лукашэнку цяжэй за ўсё, і фактычна толькі пад ціскам нейкіх (пераважна вонкавых) абставінаў. Як толькі зьяўляецца магчымасьць ад такой гульні адмовіцца, Лукашэнка гэта робіць — жаданьне такое ў яго заўсёды ёсьць. Сёньня прапусьці 2 дэпутаты, заўтра 4, і калі далей рабіць саступкі, то апанэнты на гэтым ня спыняцца. І дзякуй ня скажуць, і — адчуўшы слабасьць улады — будуць патрабаваць новых. І закончыцца ўсё, як у Гарбачова.

У прынцыпе, назіраецца даволі пасьлядоўная заканамернасьць — чым больш улада ўпэўненая ў сабе, тым болей яны дазваляюць сабе «лібэралізацыю» падчас выбарчай кампаніі. Тое, што адбываецца цяпер, відавочна сьведчыць, што ўлада разумее сваю нізкую папулярнасьць і ў сувязі з гэтым прызнае, што сёньня як ніколі ня можа сабе дазволіць экспэрымэнты зь «лібэралізацыяй», нават мінімальнай, нават эканамічнай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі назіральніка за патрабаваньне пераліку галасоў. Павезьлі ў кайданках. ВІДЭА

«Лібэралізм» можна дэманстраваць, напрыклад, на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году (нават зарэгістраваць апазыцыйную кандыдатку, якая, як заяўляюць яе ж паплечнікі, не сабрала 100 тысяч подпісаў) — бо рэальнай пагрозы для ўлады няма і можна нават не зьвяртацца да рэпрэсіяў. А цяпер, калі рэйтынг улады, як выглядае, вельмі нізкі, эканамічных посьпехаў няма, людзі ня вераць у будучыню, нянавісьць да ўлады ўзрастае, не да «лібэралізму».

З гледзішча халоднай палітычнай лёгікі мяккае правядзеньне парлямэнцкай выбарчай кампаніі і пропуск у Палату некалькіх апазыцыйных дэпутатаў мелі б адны толькі плюсы для ўлады. Захаду даваўся б чарговы «пазытыўны сыгнал», незалежнаму грамадзтву закідвалася думка, што «глядзіце, мы можам мяняцца, эвалюцыянаваць, ня трэба з намі радыкальна змагацца»; апазыцыі даваўся намёк, што «сёньня мы прапусьцілі гэтых, а заўтра можам і вас». Выпускалася б пара, зьніжалася выразная напружанасьць у грамадзтве, падтрымліваліся б думкі пра магчымасьць зьменаў і дыялёгу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мех зерня і кансультацыя стаматоляга. Чым завабліваюць на парлямэнцкія выбары ў Беларусі

Але гэта з гледзішча «нашай» лёгікі, якая грунтуецца на ідэі неабходнасьці дыялёгу ў грамадзтве, улічваньня ўсіх інтарэсаў. У беларускай улады іншая лёгіка: «я начальнік — ты дурань», «я перамагаю, ты прайграеш», «я загадваю, ты падпарадкоўваесься», «я забіраю ўсё, ты нічога».

Толькі гісторыя можа сказаць, як доўга такую лёгіку гатова трываць беларускае грамадзтва.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.