Участковая камісія на ўчастку № 506 Старавіленскай выбарчай акругі № 105 пазбавіла акрэдытацыі назіральніка кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Кірыла Гарошку. Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Паводле Кірыла Гарошкі, ён быў выдалены за тое, што нібыта навязваў свой пункт гледжаньня іншым назіральнікам. Гэта адбылося ў 19:10, перад самым падлікам галасоў.
«Таксама задаваў некарэктныя пытаньні выбаршчыкам, хадзіў па будынку, які ня мае дачыненьня да ўчастку для галасаваньня, перасьледуючы члена камісіі Гуніч, за што неаднаразова быў папярэджаны старшынёй участковай камісіі пра недапушчэньне ў далейшым падобных сытуацый і пра тое, што сваімі паводзінамі Гарошка парушае выбарчае заканадаўства і можа быць пазбаўлены акрэдытацыі», — так матывавала камісія сваё рашэньне.
Кірыл Гарошка кажа, што будзе абскарджваць рашэньне камісіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назіральнік спытаў у Лукашэнкі, навошта ў Беларусі выбарыПерад тым як Аляксандар Лукашэнка атрымаў бюлетэнь на выбарчым участку № 506, назіральнік Кірыл Гарошка спыніў яго і запытаў, навошта ў Беларусі выбары.
«Мяне абвінавацілі ў тым, што я нібыта тэрарыст»
Кірыл Гарошка расказаў Радыё Свабода сваю вэрсію падзеяў:
«Да абеду мы хадзілі ў адну прыбіральню. Гэта па правы бок ад назіральнікаў, трэба ісьці праз усю камісію, скрыні. Камісіі гэта не спадабалася, яны сказалі, што пасьля абеду мы будзем хадзіць у іншую прыбіральню. І мне паказалі іншы кірунак, не правы бок, а левы ад назіральнікаў. У пэўны момант я пайшоў налева, як мне і сказалі, і шукаў прыбіральню. Я хадзіў па розных паверхах, калі спускаўся, мяне чакалі два міліцыянты і старшыня камісіі.
Міліцыянты стаялі крыху далей, старшыня пачаў дапытваць "дзе ты быў", "што ты рабіў". Я казаў, што шпацыраваў, пачаў пытацца, што я парушыў. Я проста не разумеў, чаму мне задаюць такія пытаньні. Старшыня казаў, што адказвае тут за бясьпеку, тыпу хто ведае, можа ты там пакінуў выбухоўку. Я сказаў, што нічога такога не рабіў. Мне паставілі ўльтыматум: альбо я сяджу на ўчастку, альбо мне скасуюць акрэдытацыю. Мой адказ быў ні так, ні не, я сказаў, што яны могуць рабіць што заўгодна.
Пасьля гэтага старшыня і я былі на ўчастку, кожны займаўся сваёй справай. Праз нейкі час мне зноў нагадалі, што ў мяне забяруць акрэдытацыю. І ўрэшце ў 19:10 гэта адбылося. За гэты час я падрыхтаваў скаргу на імя старшыні камісіі, што мяне абвінавацілі ў тым, што я нібыта тэрарыст, што мне пагражалі скасаваць акрэдытацыю, што гэта выглядае як ціск. Але я не аддаваў яе, каб не напружваць адносіны. І вось калі мне аддалі паперу пра тое, што я больш не назіральнік, я аддаў скаргу. У 19:10 мяне настырна папрасілі пакінуць участак».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адкручаныя галовы назіральнікаў і ўльтыматум Маскве. Карбалевіч тлумачыць, што так раззлавала Лукашэнку