«Парлямэнт будуць легітымізаваць праз дыпляматаў». Апазыцыя пра тое, чаму сёлета ўлады дзейнічаюць жорстка

Скрыня на менскім выбарчым участку, дзе галасаваў Аляксандар Лукашэнка

Старшыні апазыцыйных партый і па сумяшчальніцтве кандыдаты ў дэпутаты лічаць, што ў сёлетняй кампаніі ўлады паводзяць сябе больш жорстка, чым у папярэдніх. Пра гэта яны расказалі ў прэс-цэнтры кампаніі «Права выбару».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыі няма. Як ішоў дзень галасаваньня за дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў

«Рэальных зьменаў у краіне не адбываецца»

Сустаршыня аргкамітэта Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова лічыць, што парлямэнцкія выбары 2016 году карысталіся большай увагай з боку Эўразьвязу.

Вольга Кавалькова

«Было больш ціску на Лукашэнку. Падчас агітацыйнай кампаніі прыяжджаў старшыня Эўрапейскай народнай партыі (Жазэф Доль. — РС), і ўмовы для кандыдатаў былі лягчэйшыя. Мы вітаем тое, што амбасада ЗША пачынае сваю працу. Але такая размова з Эўразьвязам, якая ідзе цяпер, на мой погляд, неабумоўленая. Гэта неабумоўлены дыялёг, бо зьменаў дэмакратычных у Беларусі не адбываецца».

Кавалькова лічыць важным, каб не адбылося такога, што «кагосьці зноў прызначаць, і гэта будзе „вялікі крок да дэмакратызацыі ў краіне“».

«Але рэальных зьменаў у краіне не адбываецца. Я б хацела, каб міжнародная супольнасьць на гэта зьвярнула ўвагу», — кажа Вольга Кавалькова.

Палітык зьвязвае паводзіны ўладаў і з прэзыдэнцкай кампаніяй наступнага году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адкручаныя галовы назіральнікаў і ўльтыматум Маскве. Карбалевіч тлумачыць, што так раззлавала Лукашэнку

Кастусёў: актыўнасьць апазыцыі напалохала ўлады

Рыгор Кастусёў


Кіраўнік Партыі БНФ і кандыдат у дэпутаты па Купалаўскай акрузе № 95 Рыгор Кастусёў лічыць, што гэта адбываецца з прычыны актыўнасьці кандыдатаў, актывістаў і назіральнікаў.

«Асноўная прычына — гэта тое, што беларуская ўлада і сама зразумела, што яна завяла Беларусь і ў палітычны, і ў эканамічны тупік. Разумеючы гэта, беларускія ўлады ня маюць ідэяў, як з гэтага тупіку выйсьці. Тое, што нашы кандыдаты актыўна пайшлі ў народ, удзельнічаючы ў гэтай кампаніі, даносячы праўду, і напалохала ўлады».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтыя словы не напужалі». Экс-назіральнік адрэагаваў на пагрозу Лукашэнкі «адкруціць галаву»

Казлоў: гэта праверка перад прэзыдэнцкімі выбарамі

Лідэр партыі АГП Мікалай Казлоў выказаў думку, што ўлады перад прэзыдэнцкімі выбарамі правяраюць, наколькі мясцовыя ўлады гатовыя забясьпечыць патрэбныя вынікі.

Мікалай Казлоў

«На мой погляд, гэта зьвязана зь цяжкай эканамічнай сытуацыяй. Напэўна, Адміністрацыя прэзыдэнта праводзіць закрытыя дасьледаваньні, па якіх зразумела, што людзі ўжо на мяжы, што яны хочуць пераменаў. Што ім надакучылі 20 гадоў галечы, чыноўніцкага свавольства, бясконцых пабораў».

Барысаў: Парлямэнт будуць легітымізаваць за кошт дыпляматаў

Ігар Барысаў, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), лічыць, што ў гэтым годзе парлямэнт будуць легітымізаваць за кошт дыпляматаў Валерыя Варанецкага і Андрэя Савіных.

Ігар Барысаў

«Яны будуць спрабаваць легітымізаваць гэты парлямэнт праз свае дыпляматычныя каналы. Таму што кожны зь іх быў не ў адным месцы амбасадарам. Яны маюць вялікія кантакты, вялікі аўтарытэт».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «агалцелыя апазыцыянэры» ня будуць вызначаць палітыку парлямэнту і краіны

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.

Як выглядаюць сярэднестатыстычныя беларускія дэпутат, дэпутатка і прэзыдэнт. Фота

  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».