Таемны рэпартаж Свабоды з выбарчых участкаў менскага мікрараёну Чыжоўка.
Выбары — гэта ня толькі важная палітычная падзея, але яшчэ і сьвята. Музыка на ўсю вуліцу, танцы, канцэрты і, вядома, шампанскае з гарэлкай пад шашлычок. Свабода наведала тры ўчасткі ў сталічнай Чыжоўцы, каб падслухаць, пра што выбарцы гавораць за сталом пасьля волевыяўленьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыі няма. Як ішоў дзень галасаваньня за дэпутатаў Палаты прадстаўнікоўГімназія № 25, вуліца Чырвонаслабодзкая. Буфэт проста ў актавай залі, канцэрт з удзелам вучняў — ад 11.00 да 13.00 і ад 15.00 да 17.00. «Избиратель, умным будь! Годный выбери ты путь!» — дэклямуе дзяўчынка са сцэны завучаны верш.
...
— Мне кавы, калі ласка.
— Кавы?
— Кавы.
— Малады чалавек, вы што?
— А што такое?
— Ну, ня ведаю... Тады хоць зь пірожным вазьміце. Кавы...
...
— Ну хадзем прагаласуем.
— Сядзі ты. Зараз мая ўнучка будзе выступаць.
— А галасаваць?
— Быццам там бяз нас не прагаласуюць.
— Нешта кошты ў вас ня выбарчыя.
— Праз год прыходзьце, там будуць лепшыя.
— Ну так. Якія выбары, такія і кошты.
Школа № 43, вуліца Галадзеда. «Падымем куфаль поўны мы за нашу Беларусь!» — з калёнак на ўваходзе. Канцэрт на другім паверсе, буфэт на першым.
— Вы галасаваць?
— М-м... Не, я...
— Буфэт там!
...
— Ты за каго галасаваў?
— За бээнээфаўца.
— За каго?!
— За бээнэфаўца. Я заўсёды за іх галасую.
— Але ж яны ніколі не перамагаюць!
— Так. Я таму і галасую.
— Як гэта?
— Шкада мне іх.
— Хадзем адсюль.
— Куды?
— У парк.
— Але ж тут таньней.
— Хадзем у парк, я тут не магу піць.
— Чаму?
— Мне там вальней дыхаецца.
...
— Малады чалавек, што вы тут фатаграфуеце? Шампанскага ў школе ня бачылі, ці што?
— Фатаграфую. Прыгожа ў вас.
— Нармальна ў нас, малады чалавек. Нармальна. Не фатаграфуйце.
— Ну, я быў толькі што ў 25-й гімназіі. У вас прыгажэй.
— Вы што?
— Так.
— Ой... А хочаце гарбаты? Бясплатна. У нас дэгустацыя.
...
— Галасаваць пойдзем ці яшчэ па адной?
— Я ўжо прагаласаваў.
— За каго?
— Ня помню.
Школа № 143, вуліца Аўэзава. Буфэт без канцэрта, бясплатныя балёнікі.
— Хадзем, што ты стала тут?
— Дай пра кандыдатаў пачытаць.
— Няма тут чаго чытаць. Усіх павыкрэсьліваю к чорту.
— Пача...
— Усіх к чортавай мацеры!
...
— Што ў вас тут так ціха?
— Прыходзьце на прэзыдэнцкія ў наступным годзе, будзе гучна.
...
— Колькі кава каштуе?
— 15 капеек.
— Колькі?!
— 15. Яшчэ 5 за лыжачку і кубачак. Разам 20.
— Дайце мне гарэлкі.
— Глянь, якія яблыкі!
— Плястыкавыя.
— Плястыкавыя?
— Так. Якія выбары, такія і яблыкі.