У дзень, калі дарослыя выбіраюць дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, на выбарчым участку ў Горадні дзецям прапанавалі прагаласаваць за маліны, дыню ды іншыя плады і ягады.
На тыдні перад выбарамі бацькоў сталі запрашаць на выбары разам зь дзецьмі. У горадзенскай школе № 33 побач з дарослым выбарчым ўчасткам адкрыўся дзіцячы. Браць удзел у дзіцячых выбарах могуць дзеці да 18 гадоў.
На дзіцячым участку прысутнічае свая выбарчая камісія з падлеткаў, стаяць закрытыя кабінкі для галасаваньня.
На бюлетэні пяць кандыдатаў: яблык, груша, вішня, дыня, маліна. Атрымліваецца, адзін «хлопчык» і чатыры «дзяўчынкі», ёсьць кандыдат замежнага паходжаньня.
Пераможцы ў дзіцячых выбарах прэтэндуюць стаць сокам, пюрэ або ўвайсьці ў склад іншых харчовых прадуктаў. Вынікі дзіцячага галасаваньня абяцаюць улічыць пры вырабе сваёй прадукцыі горадзенскія прадпрыемствы.
Дзіцячае галасаваньне ладзіцца пры дапамозе БРСМ. Яно праходзіць у Горадні не ўпершыню. Летась на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў дзеці галасавалі за дрэвы, якія варта высадзіць у горадзе.