У Гомлі 15 лістапада праходзіў пікет васьмі кандыдатаў у дэпутаты. На ім мусіў прысутнічаць кандыдат-фэрмэр Юры Ганцэвіч. Яго да пачатку пікету затрымалі супрацоўнікі ДАІ.
На месца канфлікту прыехалі давераныя асобы іншай кандыдаткі — Алены Давыдавай. «Іх супрацоўнікі ДАІ затрымалі, зьбілі, і завезьлі ў Сьледчы камітэт — бяз дай прычыны!», — паведаміла Свабодзе кандыдатка.
Вядома, што Юрыя Ганцэвіча завезьлі ў аддзел ДАІ. «Прычапіліся да трактара, да прычэпа. Апячаталі яго», — кажа сам кандыдат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі прайшоў 4-гадзінны пікет у цемры — улады адключылі вулічнае асьвятленьне на ўвесь кварталНа месца канфлікту прыехалі Аляксей Елісееў, Юры Ўласаў, Аляксандар Кобец і яшчэ адзін невядомы пакуль чалавек. Іх усіх чатырох брутальна затрымалі супрацоўнікі ДАІ і міліцыі, калі яны пачалі задаваць пытаньні наконт спыненьня Юрыя Ганцэвіча.
«Мы проста спыталіся — што за сваволя такая? Чаму кандыдата ў дэпутаты затрымалі? У выніку затрымалі нас, павезьлі ў Сьледчы камітэт. На ўсіх спачатку надзелі кайданкі, паклалі "тварам у зямлю", зьбілі. Юры Ўласаў атрымаў па твары моцна», — распавёў Аляксандар Кобец.
Паводле яго, супрацоўнікі ДАІ пагражалі скласьці пратакол, што яны нібыта выходзілі на праезную частку. У Сьледчым камітэце ў затрыманых узялі тлумачэньні, і па стане на 22.40 пачалі адпускаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У цэнтры Менску прайшла «Сустрэча свабодных людзей». ВІДЭА і ФОТА