21-гадовы Ўладзь Рудакоў кінуў працу на дзяржаўным радыё, ганяе па Беларусі і вядзе тэлеграм-канал «Куды палез?!». Пагаварылі з хлопцам пра тое, дзе ў Беларусі цікавыя мясьціны і чаму замежнага турыста ня ўразяць Нясьвіж і Мір.
Сёлета Ўладзь скончыў Унівэрсытэт культуры і мастацтваў, цяпер адпрацоўвае па разьмеркаваньні ў Музэі архітэктуры і побыту. Два гады ён працаваў на дзяржаўным радыё, але расчараваўся і сышоў. Пісаньне дыплёму ва ўнівэрсытэце і пошукі сябе натхнілі хлопца на стварэньне тэлеграм-канала пра краязнаўства, архітэктуру і падарожжы па Беларусі «Куды палез?!». Цяпер на канал падпісана больш за 1,5 тысячы чалавек, а ў чаце моладзь абмяркоўвае, як захаваць беларускую спадчыну.
Паўтара году таму Ўладзь Рудакоў вырашыў пісаць дыплём пра сядзібы Гарадзеншчыны, узяў заплечнік, натхненьне і паехаў. Так зьявіўся тэлеграм-канал «Куды палез?!», дзе ён і расказаў пра гэтае падарожжа.
«Я зразумеў, што хачу рабіць праект пра Беларусь, а больш за ўсё я люблю архітэктуру і шмат падарожнічаю. Вось і вырашыў, што буду пра гэта пісаць. Пачаў актыўна езьдзіць».
«Каб аднавіць будынак, патрэбныя нерэальныя грошы»
За час падарожжаў па Беларусі больш за ўсё маладога чалавека шакавала сядзіба ў вёсцы Будзёнаўка. Яна належала прамыслоўцу Льву Стругачу.
«Пасьля вайны там былі розныя адміністрацыйныя ўстановы. На пачатку гэтага дзесяцігодзьдзя там яшчэ жылі людзі, але потым яны зьехалі з прычыны аварыйнага стану дома. Адзін прадпрымальнік вырашыў яго адрэстаўраваць. І вось з будынка зьнялі пласт тынку, убачылі, што дрэва пад ім ужо ў дрэнным стане, зразумелі, што аднавіць будзе цяжка, і на гэтым працэс спыніўся. І вось каля 10 гадоў прайшло з моманту, як ён закінуты — дрэва напалову прагніла. Хутка будынка ня стане, гэта ўжо непазьбежна. Каб яго аднавіць, патрэбныя нерэальныя грошы. Напэўна, мы апошняе пакаленьне, якое зможа ўбачыць гэты помнік архітэктуры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Ашмянамі разбураецца ўнікальная сядзіба прадпрымальніка ХІХ стагодзьдзя. ФОТАБудынак хацеў набыць мясцовы жыхар. Але для гэтага яго трэба было вывесьці з жылога фонду, выпісаць жыхароў, зноў прыняць на балянс райвыканкаму, вызначыць статус сядзібы і правільна аформіць усе дакумэнты. Рудакоў лічыць, што такая бюракратычная цяганіна пужае людзей.
«Яшчэ ўразіў сядзібны дом у Ястрамбелі ў Баранавіцкім раёне. Гэта проста шыкоўны будынак, ён неверагодна прыгожы. Для архітэктуры Беларусі гэта ўнікальны абʼект. І ён цяпер таксама ў закінутым стане, руйнуецца. Цяпер там вісіць шыльда „кансэрвацыя“, але ніякай кансэрвацыі няма. Там усе вокны, дзьверы адчыненыя, дах працякае».
Сядзібы — скарб беларускай архітэктуры, але за імі ніхто не глядзіць
Стан сядзібаў хвалюе Ўладзя больш за ўсё, бо яны руйнуюцца хутчэй. За цэрквамі і касьцёламі, кажа хлопец, сочаць вернікі. А сядзібы не належаць нікому.
«Толькі ў Лідзкім павеце на 1939 год было больш за 100 сядзібаў. Кожны з гэтых абʼектаў унікальны, кожны шляхціц хацеў пабудаваць па-свойму, імкнуўся ўвесьці нейкую заходнюю моду. У сядзібах спалучаюцца і архітэктура, і жывапіс, і скульптура. Шляхціцы ў асноўным былі адукаваныя, з пачуцьцём густу. Архітэктурна гэта вельмі прыгожыя будынкі», — кажа Рудакоў.
Ён разумее, што ў дзяржавы ня хопіць грошай, каб аднавіць кожны абʼект і нават палову. Часта сядзібы далёка ад вялікіх гарадоў, у невялікіх вёсачках. Як прыцягнуць туды турыстаў? Як прыстасаваць для мясцовых людзей? Адказаў на гэтыя пытаньні пакуль не знайшлі ні дзяржава, ні Рудакоў.
«У нас была практыка выстаўляць абʼекты на продаж за 1 базавую з умовай, што ён адновіць яго. Гэта рэальна добрая тэндэнцыя. Трэба, каб прыходзілі бізнэсмэны, у якіх ёсьць нейкія ідэі.
І трэба дапамагаць, а ня ставіць перашкоды. Так было зь сядзібай у Жалудку, напрыклад. Маскоўскія бізнэсмэны набылі яе, але калі зразумелі, наколькі складана далей, проста „забілі“. Вядома, праблема ня толькі ў цяганіне ўзгадненьняў. Думаю, многія людзі, калі купляюць такія будынкі, не зусім усьведамляюць, наколькі складана іх аднавіць».
Што ня так зь беларускай рэстаўрацыяй?
Найгорш, кажа Ўладзь, адрэстаўравалі ягоную родную Ліду.
«Лідзкі замак рэстаўравалі, напэўна, аматары! Нават мур роўна пакласьці не змаглі. Там пабеленая столь, танная плітка, бэтонная лесьвіца, закладзеныя кавалкамі бітай цэглы расколіны на сьценах.
Калі мы гаворым пра аўтэнтыку, то тыя будынкі, якія цяпер унутры замка, раней ніхто не будаваў. Там былі гаспадарчыя будынкі, стайня. Гэтыя ж будынкі велізарныя, новыя. А вось у другой вежы, якую адкрылі ў верасьні, экспазыцыя зроблена нядрэнна».
Найбольш пашанцавала Фарнаму касьцёлу ў Нясьвіжы і сядзібе ў аграгарадку Чырвоны Бераг у Гомельскай вобласьці.
«У нас усё кепска з рэстаўрацыяй, бо ў дзяржавы проста няма грошай. Па-другое, ня вучаць у нас спэцыялістаў, якія б займаліся асабліва рэстаўрацыяй помнікаў архітэктуры. Па-трэцяе, дзяржава і грамадзкасьць не да канца ўсьведамляюць каштоўнасьць гэтых абʼектаў.
Напрыклад, палякі проста шалёна захопленыя сваёй спадчынай, хочуць захаваць кожную макулінку! Мне здаецца, улады не разумеюць, што калі мы ў гістарычным будынку разьбіваем сьцены, мяняем пляніроўку, тынкуем танным тынкам, то мы забіваем асаблівасьць гэтага абʼекта для наступнага пакаленьня. Для яго гэта будзе проста дом».
Нацыянальныя рысы нашай архітэктуры чамусьці не паказваюць
«У нас ёсьць абʼекты дзяржаўнай важнасьці — Стары замак у Горадні, Нясьвіж, Мір, Сьвяцк. Іх робяць, каб вазіць масавага турыста, у іх уліваюць велізарную колькасьць грошай, каб адбіць потым. Стары замак і Сьвяцк — у бязьвізавай зоне, гэта зручна, блізка да мяжы, таму ў іх укладваюць шмат», — Уладзь разважае над тым, чаму ня ўсе аб’екты архітэктурнай спадчыны цешацца аднолькавай увагай.
«Калі чалавек прыяжджае ў Беларусь, ён замаўляе які-небудзь тур, і яго вязуць у Мір, Нясьвіж у асноўным. Чалавека, які прыехаў з Заходняй Эўропы, зусім ня зьдзівяць гэтыя абʼекты, — пераконвае малады краязнаўца. — А нацыянальныя рысы нашай архітэктуры чамусьці не асабліва паказваюць».
Уладзь раіць падарожнікам адкрыць хаця б «Глобус Беларусі», каб зразумець, як шмат у Беларусі помнікаў архітэктуры і наколькі яны самабытныя і розныя.
«Я лічу, што трэба рабіць ня тое, чаго хапае на Захадзе, а неяк імкнуцца вылучыцца сярод іншых краін сваёй самабытнай архітэктурай», — кажа Ўладзь Рудакоў.
Месцы для падарожжаў па Беларусі ад аўтара тэлеграм-канала «Куды палез?!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Немец прадаў маёмасьць, каб езьдзіць па сьвеце. Што ён пабачыў у Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі фэрмэр узьняў бел-чырвона-белы сьцяг на палярным крузе. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларуская рэжысэрка прайшла шляхам сьвятога Якуба. Знакамітая пілігрымка ў 10 пытаньнях і адказах