Парлямэнт Малдовы 14 лістапада зацьвердзіў новы ўрад на чале з былым міністрам фінансаў Іёнам Кіку. Прэзыдэнт Ігар Дадон вылучыў кандыдатуру свайго былога дарадцы 13 лістапада.
Гэта адбылося праз дзень пасьля таго, як урад празаходняга прэм’ер-міністра Маі Санд быў адпраўлены ў адстаўку праз пяць месяцаў пасьля прызначэньня.
Дадон назваў Кіку «тэхнакратам, прафэсіяналам, які ня быў у аніякай палітычнай партыі». Новы ўрад падтрымалі 62 заканадаўцы з 101.
47-гадовы Кіку сказаў з трыбуны парлямэнта, што яго ўрад выканае ролю пераходнага да наступных выбараў. Больш за палову чальцоў новага ўрада зьяўляюцца былымі дарадцамі прарасейскага прэзыдэнта Дадона, частка зь іх займалі міністэрскія пасады ва ўрадзе Дэмакратычнай партыі Малдовы, якую адхілілі ад улады ў чэрвені.