Пілёт «Боінга», які разьбіўся ў Казані, лётаў па падробленых дакумэнтах

Абломкі разьбітага «Боінга» ў Казані, 18 лістапада 2013

Сьледчы камітэт Расеі абвясьціў, што вінаватымі авіякатастрофы Boeing 737–500 у аэрапорце Казані ў 2013 годзе сталі пілёты авіякампаніі «Татарстан», якія вялі самалёт.

«Настоящее время» паведамляе, што паводле зьвестак сьледзтва, у камандзіра экіпажу было падробленае пасьведчаньне пілёта і ён ня меў неабходных навыкаў кіраваньня лайнэрам.

Boeing 737–500, які выконваў рэйс з Масквы, разьбіўся 17 лістапада 2013 г. пры заходзе на пасадку ў аэрапорце Казані. Загінулі ўсе 50 чалавек, якія былі на яго борце — 44 пасажыры і 6 членаў экіпажу. Гэта была найбуйнейшая паводле колькасьці загінулых авіякатастрофа 2013 году. Сярод загінулых былі сын кіраўніка Татарстану Рустама Мініханава Ірэк Мініханаў і кіраўнік ФСБ Татарстану.

Ратавальнікі каля разьбітага «Боінга» ў Казані, 18 лістапада 2013

Сьледчы камітэт прыйшоў да высновы, што намесьнік гендырэктара авіякампаніі «Татарстан» Валерый Партноў і шэф-пілёт авіякампаніі Віктар Фамін «не забясьпечылі належную падрыхтоўку асноўнага пілёта Рустэма Саліхава» для палёту на «Боінгах», дапусьціўшы яго кіраваць лайнэрам — нягледзячы на тое, што Саліхаў раней у асноўным лётаў на Ан-24, Ан-26, Ту-134, Ту-154 і Іл-86.

Таксама, паводле Сьледчага камітэту, Партноў ў 2009 годзе накіраваў у міжрэгіянальнае кіраваньне «Росавиации» падробленыя дакумэнты Рустэма Саліхава, у тым ліку яго пасьведчаньне пілёта камэрцыйнай авіяцыі. Кіраўнік упраўленьня «Росавиации» Шаўкат Умараў у сваю чаргу не праверыў сапраўднасьць дакумэнту і дадзеныя ў ім, праз што Саліхаў працягваў лётаць і атрымаў статус камандзіра экіпажу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Знойдзеныя рэшткі самапісцаў самалёта, які разьбіўся ў Казані

У дачыненьні да пілётаў Рустэма Саліхава і Віктара Гуцулы была заведзеная крымінальная справа, але яна была закрытая ў сувязі зь іх сьмерцю. У дачыненьні да Партнова і Фаміна Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу аб парушэньні правілаў бясьпекі руху і эксплюатацыі паветранага транспарту, якое пацягнула з прычыны неасьцярожнасьці сьмерць двух або больш асобаў. Кіраўніку рэгіянальнага кіраваньня «Росавиации» Ўмараву таксама выставілі абвінавачаньне ў халатнасьці. Паводле гэтага артыкулу яму пагражае да сямі гадоў пазбаўленьня волі.