Расея прапаноўвала базу ў Беларусі замест самалётаў, — дзяржсакратар Рады бясьпекі

Станіслаў Зась

13 лістапада на авіяцыйную базу ў Баранавічах прыбыла першая пара з дванаццаці заплянаваных баявых знішчальнікаў Су-30 СМ. Пра гэта паведамляецца на сайце Міністэрства абароны.

У чэрвені 2017 году Беларусь і Расея дамовіліся пра закупку 12 найноўшых зьнішчальнікаў Су-30 СМ вытворчасьці карпарацыі «Іркут». Канчаткова дагавор быў узгоднены падчас 9-й Міжнароднай выставы ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі MILEX-2019, якая праходзіла ў Менску сёлета ў траўні. Цягам трох гадоў у Беларусь будуць пастаўленыя па чатыры самалёты.

«Гэта ўжо нашы, беларускія самалёты, якія будуць пілятавацца нашымі лётчыкамі, якія ўжо прайшлі перападрыхтоўку», — сказаў ў інтэрвію тэлеканалу СТВ Станіслаў Зась, дзяржаўны сакратар Рады бяспекі.

«Першапачаткова ў гэтым працэсе мы спрабавалі дамовіцца з Расейскай Фэдэрацыяй пра аказаньне дапамогі нам у вырашэньні гэтай складанай і вельмі затратнай задачы. Наўзамен атрымалі прапанову аб разьмяшчэньні на нашай тэрыторыі вайскова-паветранай базы Расейскай Фэдэрацыі. Але, пагадзіцеся, што гэта не адно і тое ж. Разьмяшчэньне тут, на нашай зямлі, вайскова-паветранай базы не вырашае праблему разьвіцьця нашай уласнай баявой авіяцыі. Таму мы сталі абапірацца на ўласныя магчымасьці».