Што стала вядома на першых адкрытых слуханьнях па імпічмэнце прэзыдэнта ЗША

Уладзімір Зяленскі, Дональд Трамп, Уладзімір Пуцін (камбінаванае фота)

Палата прадстаўнікоў ЗША у сераду пачала адкрытыя слуханьні ў рамках расьсьледаваньня па пытаньні аб імпічмэнце у дачыненьні да прэзыдэнта Дональда Трампа.

У слуханьнях удзельнічалі Ўільям Тэйлар, які ўзначальвае пасольства ЗША ва Ўкраіне, і намесьнік памочніка дзяржсакратара ў справах Эўропы і Эўразіі Джордж Кент.

Відэа слуханьняў:

На слуханьнях, сярод іншага, абмяркоўваліся і геапалітычныя наступствы затрымкі амэрыканскай вайсковай дапамогі Ўкраіне, якая супрацьстаіць агрэсіі з боку Расеі.

Падаем паводле «Голасу Амэрыкі» хроніку пасяджэньня:

  • Кіраўнік камітэту Палаты па выведцы Адам Шыф: абвінаваціў прэзыдэнта Трампа ў аказаньні ціску на Ўкраіну з мэтай заахвоціць яе пачаць расьсьледаваньне ў дачыненьні да аднаго з галоўных патэнцыйных канкурэнтаў прэзыдэнта на выбарах 2020 году — былога віцэ-прэзыдэнта Джо Байдэна — перад вылучэньнем 391 мільёна долараў на вайсковую дапамогу Украіне.
  • Шыф: Злачынствы Трампа — акрамя перашкоды правасудзьдю, гэта злоўжываньне ўладай — спроба праз кабальныя ўмовы, прымус, вымаганьне або подкуп прымусіць саюзьніка да дзеяньняў, якія маглі прынесьці прэзыдэнту палітычную выгаду.
  • Шыф: Калі гэта не паводзіны, якія цягнуць на імпічмэнт, то што зьяўляецца імі?
  • Заканадаўца-рэспубліканец Дэвін Нуньес: слуханьні — тэатральнае шоў, якое трансьлюецца па тэлебачаньні. Паводле яго слоў, гэты спэктакль наносіць шкоду краіне.
  • Джордж Кент, намесьнік памочнік дзяржсакратара па справах Эўропы і Эўразіі: Асабісты адвакат Трампа Рудзі Джуліяні і іншыя асобы вялі кампанію, закліканую сапсаваць рэпутацыю былога пасла ЗША ў Украіне Мары Яванавіч.
  • Кент: спробы Джуліяні дамагчыся правядзеньня палітычна матываваных расьсьледаваньняў адбіліся на ўзаемаадносінах з Украінай. Ён дадаў, што ня лічыць дарэчным, каб ЗША прасілі іншыя краіны праводзіць выбарчыя палітычна асацыяваныя расьсьледаваньні.
  • Кент: Амэрыканскія афіцыйныя асобы пасьлядоўна дамагаліся аднаўленьня расьсьледаваньня ў дачыненьні да заснавальніка кампаніі «Бурысма» ва Ўкраіне. Кент дадаў, што выказваў занепакоенасьць з нагоды таго, што праца Гантэра Байдэна (сына былога віцэ-прэзыдэнта Джо Байдэна) у кампаніі наводзіла на думку аб канфлікце інтарэсаў, аднак ён ніколі не заўважаў, каб у ЗША вяліся якія-небудзь спробы абараніць кампанію.
  • Уільям Тэйлар, выканаўца абавязкаў пасла ЗША ва Ўкраіне: Праца ў Кіеве была вельмі дзіўнай, бо ў яе ўмешваўся пасол ЗША пры Эўразьвязе Гордан Сандлэнд.
  • Тэйлар: Сандлэнд выконваў заданьне прэзыдэнта — прымусіць Зяленскага абвясьціць аб пачатку расьсьледаваньня супраць Байдэнаў. Сандлэнд сустракаўся па гэтым пытаньні з памочнікам украінскага лідэра Андрэем Ермаком.
  • Тэйлар: яму распавядалі пра размову паміж Сандлэндам і Ермаком, падчас якой Сандлэнд сказаў, што Ўкраіна не атрымае вайсковай дапамогі, пакуль Зяленскі ня паабяцае правесьці расьсьледаваньне ў дачыненьні да кампаніі «Бурысма».
  • Тэйлар: Пасол Сандлэнд, які і сам зьяўляецца бізнэсоўцам, спрабаваў растлумачыць узаемаадносіны і разуменьне бізнэсоўца з кліентам, якому ён выпісвае чэк. І тады ён выразна даў зразумець, што прэзыдэнт Трамп уяўляў сабе магчымасьць даць вайсковую дапамогу Ўкраіне, як быццам бы гэта заключэньне зьдзелкі, як быццам ён павінен выпісаць чэк.
  • Тэйлар: супрацоўнік Белага дому распавёў яму, што чуў, як Трамп пытаўся Сандлэнда пра расьсьледаваньні ў справе «Бурысмы» ў часе тэлефоннай размовы 26 ліпеня. Па словах крыніцы, Сандлэнд сказаў, што Трампа больш хвалюе расьсьледаваньне ў дачыненьні да Байдэна, чым Украіна.
  • Тэйлар: Такая палітыка паставіла пад пагрозу традыцыйную падтрымку Украіны з боку ЗША.
  • Прэзыдэнт Дональд Трамп наконт слуханьняў у Кангрэсе: Надуманы паказальны працэс, Чаму такая ўвага надаецца сьведкам, якія атрымалі інфармацыю з другіх і трэціх рук, многія зь якіх зьяўляюцца ненавісьнікамі Трампа і адвакаты якіх зьяўляюцца ненавісьнікамі Трампа, калі дастаткова прачытаць расшыфроўку размовы з украінскім прэзыдэнтам і даведацца ўсё зь першых рук?

У пятніцу публічныя паказаньні дасьць былая амбасадарка ЗША ва Ўкраіне Мары Яванавіч, а на наступным тыдні павінныя выступіць наступныя сьведкі:

  • памочніца віцэ-прэзыдэнта Майка Пэнса Джэніфэр Уільямс;
  • падпалкоўнік Аляксандар Уіндман, кіраўнік дэпартамэнту ў справах Эўропы ў Радзе нацыянальнай бясьпекі;
  • былы адмысловы прадстаўнік па Ўкраіне Курт Волкер;
  • супрацоўнік Рады нацыянальнай бясьпекі Тым Морысан;
  • пасол ЗША ў Эўразьвязе Гордан Сандлэнд;
  • намесьніца памочніка міністра абароны ў справах Расеі, Украіны і Эўразіі Лора Купер;
  • намесьнік дзяржсакратара па палітычных пытаньнях Дэйвід Гэйлі;
  • старэйшы дырэктар Рады нацыянальнай бясьпекі па справах Эўропы і Расеі Фіёна Гіл.