Беларусь апынулася ў «хвасьце» Індэксу айфону

iPhone 11

Сярэднестатыстычнаму беларусу трэба 67,4 дня, каб зарабіць на новы айфон. Сярэднестатыстычнаму жыхару Швайцарыі для гэтага патрабуецца 4,8 дня.

Пра гэта піша рэсурс Thinktanks.by.

З кожным годам цэнавая палітыка Apple выклікае ўсё больш зьдзіўленьня і спараджае масу мэмаў. Пры гэтым пачуцьцё гумару не залежыць ад узроўню даходаў жыхароў краіны: жарты ў ЗША зразумелыя і ў Беларусі, і ў іншых краінах.

Пасьля верасьнёўскай прэзэнтацыі новых мадэляў iPhone аналітыкі парталу Picodi вырашылі разабрацца, колькі дзён трэба працаваць, каб зарабіць на навінку, і што зьмянілася ў гэтым рэйтынгу ў параўнаньні з мінулым годам.

Цана iPhone 11 Pro 64 ГБ у Беларусі ў дзень старту замоваў, гэта значыць 18 кастрычніка 2019 году, складала 2999 рублёў. Паводле зьвестак Белстату, сярэднямесячная зарплата ў Беларусі ў другім квартале бягучага года была роўная 1074,6 рублёў (934 рублёў «чыстымі»). Спатрэбіцца 67,4 дня, каб «адпрацаваць» апошні айфон. Гэта на 19,1 дня менш, чым год назад.

У лідэрах рэйтынгу апынуліся Швайцарыя, ЗША, а таксама Люксэмбург, дзе суадносіны цаны iPhone’a да сярэдняга заробку зьяўляюцца самымі спрыяльнымі. Сярэднестатыстычны швэйцарац зможа зарабіць неабходную суму на iPhone 11 Pro за 4,8 дня, амэрыканец — за 5,8 дня, a люксэмбуржац — за 6,7 дня.

Антырэкорд сярод краін у сьпісе належыць Украіне: у гэтай краіне сярэднестатыстычны жыхар павінен ашчаджаць грошы з заробку на новы iPhone 96,7 дня. У такіх краінах, як Расея і Польшча, новы гаджэт раўназначны па цане 47 і 31,8 працоўныя дні.