Адыход ад бар’ераў і залішняга рэгуляваньня будуць прыярытэтамі праграмы разьвіцьця канкурэнцыі, якая цяпер рыхтуецца ў Беларусі, заявіў прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас. Паводле яго, цяпер заканчваецца распрацоўка праграмы на сярэднетэрміновы пэрыяд, піша БелТА.
На думку кіраўніка ўраду Беларусі, дзяржаўная палітыка ў сфэры канкурэнцыі павінна ўключаць два асноўныя напрамкі:
- адкрыцьцё рынкаў і зьніжэньне долі дзяржавы там, дзе гэта эканамічна мэтазгодна і не супярэчыць эканамічнай бясьпецы (што павінна суправаджацца адпаведным зьніжэньнем бар’ераў для бізнэсу),
- абарона канкурэнцыі ўсімі дзяржаўнымі органамі.
«Разьвіцьцё канкурэнцыі пачалі разглядаць як вэктар дзяржаўнай палітыкі і адначасова ўсьвядомленую неабходнасьць, а антыманапольны орган стаў адным з ключавых інструмэнтаў рынкавага рэгуляваньня і кантролю», — сказаў Румас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для правядзеньня эканамічных рэформаў у Беларусі няма палітычнай волі»У 2018 годзе ў новай рэдакцыі быў прыняты закон аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі. Як адзначыў прэм’ер-міністар, пры ўдзеле Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ) распрацавалі шэраг нарматыўных актаў для лібэралізацыі ўмоваў вядзеньня бізнэсу ў Беларусі, у тым ліку створаны дадатковыя магчымасьці для разьвіцьця гандлю на вёсцы, удасканальваецца заканадаўства ў сфэры дзяржаўных закупак.
Цяпер МАРГ працуе над зьмяненьнем закону аб дзяржаўным рэгуляваньні гандлю, а таксама над праектам указу аб супрацьдзеяньні манапалізацыі ў галіне гандлю.
Цяпер сярод іх прыярытэтаў разьвіцьця канкурэнтнай палітыкі ў Беларусі, паводле Румаса, паляпшэньне канкурэнтнага асяродзьдзя за кошт скарачэньня неабгрунтаваных бар’ераў, стварэньне мэханізмаў прадухіленьня залішняга рэгуляваньня, разьвіцьцё інфраструктуры і забесьпячэньне яе даступнасьці для ўдзельнікаў рынку.