Пасьля сустрэчы з фэдэральным прэзыдэнтам Аўстрыі Аляксандар Лукашэнка 12 лістапада выступіў на бізнэс-форуме ў Вене, затым павячэраў з імаверным будучым кіраўніком аўстрыйскай дзяржавы экс-канцлерам Курцам і тамтэйшымі бізнэсоўцамі.
Перад форумам Лукашэнка правёў сустрэчу са старшынём Нацыянальнай рады Аўстрыі (ніжняй палаты парлямэнту), але афіцыйна пра тую сустрэчу беларускі бок паведамляе толькі адно: што Лукашэнка пакінуў беларускамоўны запіс у Кнізе ганаровых гасьцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнку ў Аўстрыі сустракалі ня так, як Пуціна»На аўстрыйска-беларускім бізнэс-форуме Аляксандар Лукашэнка выступіў з прамовай, якую дзяржаўныя беларускія СМІ ацанілі як «яскравую». Ён казаў, што:
- Бізнэс чакае ад уладаў выразных палітычных сыгналаў пра тое, што стасункі Менску і Вены доўгачасовыя («Калі трэба, лічыце, што гэта і ёсьць сыгнал»).
- Некаторыя прапаноўвалі яму ня ехаць на форум, а ён вырашыў прысутнічаць асабіста («Гледзячы ў гэтую залю, сам сабе казаў: малайчына, што прыехаў»).
- Аб’ёмы таваразвароту Аўстрыі і Беларусі «ганебныя» — такія лічбы, як 200 млн даляраў, «сорамна называць».
- Намякнуў аўстрыйскім бізнэсоўцам на магчымасьць «пэрсанальнай падтрымкі». Заявіў, што яго папракаюць журналісты і палітыкі, што ў Беларусі «аўтарытарызм і дыктатура», але некаторых беларускіх бізнэсоўцаў «гэтая дыктатура задавальняе» — ён арыентуецца на такіх.
- Пра Раду Эўропы і пытаньне скасаваньня сьмяротнага пакараньня: «Ды Госпад з вамі, мы ж ня просімся ў Раду Эўропы. Прымеце — дзякуй. Не прымеце — пачакаем. Ня трэба ставіць перад намі ўмовы».
- Калі «невялікія дзяржавы, як Беларусь і Аўстрыя», «ня могуць аб’яднацца», «нас проста па частках падзяляюць і ўладараць».
- З далучэньнем да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі «ня вельмі сьпяшаемся», бо «пасьля заяваў спадара Трампа» (якіх, не ўдакладніў) «я ня ведаю, што будзе з WTO» — «дэ-факта яна ўжо не існуе».
- Беларускія ўлады «нават у самыя няпростыя часы» не разглядалі санкцыі супраць аўстрыйцаў і эўрапейскіх кампаніяў, «а маглі б напаскудзіць вам вельмі моцна». Напрыклад, замінаць транзыту грузаў празь Беларусь.
- «Вось вам і дыктатура. Парадак, дысцыпліна і найвышэйшая адказнасьць перад партнэрамі — гэта брэнд нашай Беларусі», — сказаў Лукашэнка наконт магчымасьці так «напаскудзіць».
- У Арабскіх Эміратах Лукашэнка пабываў у лябараторыі штучнага інтэлекту і зразумеў, што «мы дарма надзімалі шчокі»: «Якая лічбавізацыя? Штучны інтэлект! Яны нам ужо прапануюць паслугі. Думаю, і вам яны многае могуць расказаць». Ды ён насьцярожыўся тым, што самі распрацоўнікі штучнага інтэлекту «ня ведаюць, да чаго можа прывесьці разьвіцьцё сфэры». За месяц да таго ён казаў, што беларусы не разумеюць і таго, што такое «лічбавізацыя».
- «Давайце будзем працаваць у Беларусі так, як у Аўстрыі, а ў Аўстрыі — так, як у Беларусі».
- Выступіў супраць Brexit — выхаду Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу, бо Эўразьвяз — магутная сусьветная геапалітычная апора, і калі яе «выдраць», сыстэма можа не ўтрымацца.
- Эўразьвяз ня мусіць быць такі «забюракратызаваны, як цяпер», а дзяржавы ЭЗ «часам, не разьбіраючыся, сьледуюць за поглядамі адной ці некалькіх краінаў», «без разбору падымаюць рукі». У прыклад ён прывёў сытуацыю з Украінай, але што гэта за сытуацыя і пра што яна сьведчыць, не сказаў.
Пасьля прамовы Лукашэнка правёў сустрэчу «ў фармаце рабочай вячэры» з былым кіраўніком Аўстрыі, экс-канцлерам Сэбастыянам Курцам. Партыя Курца па выніках нядаўніх выбараў (якія давялося праводзіць пасьля скандалу вакол праварадыкалаў і кааліцыйнага ўраду Курца) зможа сфармаваць урад, а Курц, магчыма, верне сабе крэсла канцлера, якое займаў паўтара года.
На вячэры Лукашэнкі і Курца «прысутнічалі прадстаўнікі буйнога бізнэсу», паведамляе прэс-служба Лукашэнкі. Больш пра сустрэчу нічога невядома — нават Курц, звычайна вельмі актыўны і адкрыты ў сацсетках, пра яе нічога ня посьціў.