«Навошта перакладаць перакладзенае на расейскую?» Размова зь перакладчыцай набэліста Жазэ Сарамагу

Перакладчыца Галіна Мітраховіч

У перакладзе на беларускую мову выйшаў раман партугальскага пісьменьніка Жазэ Сарамагу «Пячора». Зь перакладчыцай Галінай Мітраховіч размаўляе Сяргей Макарэвіч.

— Галіна, як і калі вы трапілі ў Партугалію?

Нічога асаблівага — выйшла замуж за грамадзяніна Партугаліі. Жыву там з 1984 году.

— Чаму вы ўвогуле ўзяліся за вывучэньне партугальскай мовы? У часы, калі вы вучыліся ў Менскім інстытуце замежных моваў, партугальскі вэктар для СССР быў далёка не пэрспэктыўным.


— Я вучылася на факультэце гішпанскай мовы. У той час (1966–71) партугальская мова ў Беларусі ўвогуле не выкладалася. Зацікавілася я ёю ўжо пасьля інстытуту, калі мне ў рукі трапіла кніжка «Португальская поэзия ХХ века». Адзін верш зь яе настолькі мяне ўразіў, што мне стала цікава, а як жа ён гучыць у арыгінале. Ніякіх падручнікаў тады не было, інтэрнэту не было, нічога не было. Нешта вывучыла паводле кнігі «История португальского языка», якую прыдбала ў Ленінградзе. Гішпанская мова, вядома, паслужыла добрай базай.

У Партугаліі я яшчэ пасьпела ўбачыць жывым паэта Антонію Жэдэана, аўтара таго верша, і нават сказаць яму, што трапіла ў краіну, так бы мовіць, зь яго падачы.

— Як называецца той верш? Мо ён каго яшчэ зможа прывесьці да партугальскай мовы...

— «Кто-то» («Uma qualquer pessoa»), пераклад на расейскую Аляксандры Кос. У інтэрнэце ёсьць і пераклад, і арыгінал. Але верш, мабыць, у кожнага свой.

— Якія іншыя мовы для вас рабочыя?

— «Ін’яз» даў мне веданьне гішпанскай, ангельскай і італьянскай моваў, але ў Партугаліі я працую, у асноўным, з партугальскай, расейскай, ангельскай, украінскай (у Партугаліі шмат украінцаў). Калі ж казаць канкрэтна пра мастацкую літаратуру, то гэта пераклад з расейскай мовы на партугальскую. Ну і вось у гэтым, адзіным, выпадку, — з партугальскай на беларускую, чым вельмі цешуся. Ня думала, што дажыву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кнігалюбамі не нараджаюцца, або Куды паставіць новыя паліцы

— З чаго для вас пачалася праца над перакладамі кніг?

— Перакладам я займаюся даўно, з таго часу, як прыехала ў Партугалію, але мастацкай літаратурай занялася толькі гадоў дзесяць таму. Першай кнігай была аповесьць расейскай пісьменьніцы Натальлі Нусінавай «Прыгоды Джэрыка». Я нават ня ведаю, ці гэтая кніга выйшла, бо празь нейкі час выдавецтва, якое мне яе замовіла, ужо не існавала, праўда, пасьпела заплаціць.

Па-партугальску выйшлі кнігі Сьвятланы Алексіевіч, у тым ліку ў вашых перакладах. Як Алексіевіч успрымаюць у Партугаліі? Ці была яна вядомай да атрыманьня Нобэлеўскай прэміі? Ці асацыюецца яна з Беларусьсю?

— У Партугаліі Сьвятлану Алексіевіч успрынялі вельмі добра. На яе кнігі, якія выйшлі ў Партугаліі, мне ня трапілася ніводнага нэгатыўнага водгуку, а мой рэдактар-партугалец увогуле выказаўся так: «Як значна аўтары здольныя зьмяніць нам жыцьцё і бачаньне сьвету! Сьвятлана зьмяніла маё». Але да атрыманьня Нобэлеўскай прэміі яе ў Партугаліі ня ведалі. Зь Беларусьсю Алексіевіч асацыююць, яна прадстаўлена як беларуская пісьменьніца. Іншая справа, што значная частка насельніцтва ня ведае, дзе тая Беларусь.

— Ці прыяжджала яна на прэзэнтацыі?

Прэзэнтацыя была толькі адна, «Чарнобыльскай малітвы» (назва ў Партугаліі — «Галасы Чарнобыля», «Vozes de Chernobyl»), якраз 26 красавіка 2016 году, у дзень 30-годзьдзя катастрофы. Пісьменьніца на ёй не прысутнічала. Пара чалавек з роспачы ўзялі аўтограф у мяне. Як мне здаецца, прэзэнтацыя прайшла няблага. Прыйшла зацікаўленая публіка. Выступіў партугальскі гісторык і журналіст, які быў у Чарнобылі, а таксама амбасадарка Ўкраіны. Уставаньнем і воплескамі прысутныя выказалі сваю салідарнасьць з Чарнобыльскім шляхам, які якраз у той час праходзіў у Мінску. У Партугаліі «Чарнобыльская малітва» ўваходзіць у сьпіс рэкамэндаванай літаратуры для сярэдняй школы і адукацыі дарослых (Нацыянальны плян па чытаньні).

У сакавіку 2017 году Сьвятлану Алексіевіч запрасілі выступіць на адкрыцьці літаратурнага фэстывалю на востраве Мадэйра, але яна туды так і ня трапіла, бо там быў моцны вецер, да таго ж аэрапорт на востраве цяжкадаступны. Два ці тры разы яе самалёт вылятаў зь Лісабону і кожны раз вяртаўся, бо ня мог зрабіць пасадку на Мадэйры. Так што я нават ня ведаю, ці можна сказаць, што яна была ў Партугаліі. Няхай бы яшчэ прыехала. У Партугаліі праводзяцца цікавыя літаратурныя фэстывалі, да таго ж у прыгожых мясьцінах.

— Уручэньне Нобэлеўскай прэміі Алексіевіч у Беларусі выклікала дыскусіі — добра гэта ці ня мае значэньня для краіны і беларускай літаратуры. Вы бачылі, як у 1998 годзе нобэля атрымаў Жазэ Сарамагу. Ці спарадзіла гэта падобныя дыскусіі?

Жазэ Сарамагу


— Што вы! Якія дыскусіі? Нобэлеўскі ляўрэат — гэта вялікі гонар для любой краіны. А калі яна яшчэ невялікая і малапрыкметная, як Партугалія, то гэта быў такі бальзам на душу народу. Для Партугаліі, праўда, гэта другі нобэлеўскі ляўрэат, першым быў Эгаш Мунíш (Egas Moniz) — у галіне мэдыцыны, 1949 год. Але Жазэ Сарамагу — першы і адзіны нобэлеўскі ляўрэат ва ўсёй партугальскамоўнай літаратуры. Так што радавалася не адна Партугалія. Вось загаловак у адной з газэт: «Нобэль для Сарамагу — сьвята для ўсіх». Віншаваньні Сарамагу дасылалі нават тыя, хто яго ніколі да таго не чытаў. Тады, у кастрычніку 1998 году, партугальскі публіцыст Эдуарду Праду Куэлью так і напісаў: «Як мы ўбачылі на гэтым тыдні, цалкам магчыма, каб любая краіна ўзьнялася ў радасьці ад таго, што нехта атрымаў літаратурную прэмію».

Што адбылося на дзяржаўным узроўні? Вось некалькі прыкладаў.

  • Каб прывезьці Сарамагу ў Лісабон з вострава Лансаротэ, дзе ён тады жыў, быў адпраўлены спэцыяльны самалёт зь міністрам культуры. Дарога з аэрапорту ў цэнтар сталіцы была ўпрыгожана транспарантамі «Віншуем, Жазэ Сарамагу».
  • Сарамагу прыняты прэм’ер-міністрам і мэрам горада, ад якога атрымлівае ключы ад горада.
  • Прыватная сустрэча і абед з прэзыдэнтам рэспублікі.
  • Сустрэча з шырокай публікай у Бэлемскім культурным цэнтры, воплескі доўжыліся 10 хвілін, у галоўнай зале на 1500 чалавек месцаў усім жадаючым не хапіла, сотні людзей з кветкамі і кнігамі Сарамагу стаялі звонку.
  • Бібліяграфічная выстава, прысьвечаная творчасьці Сарамагу, у Нацыянальнай бібліятэцы.
  • Каб задаволіць попыт, за адзін тыдзень было надрукавана 300 тысяч экзэмпляраў яго кніг (жыве ў Партугаліі прыкладна столькі ж людзей, як у Беларусі).
  • З рук прэзыдэнта рэспублікі Сарамагу атрымаў найвышэйшую ступень галоўнай узнагароды Партугаліі — Вялікі ланцуг Ваеннага ордэну мечаносцаў Сьвятога Якава.
  • Выпуск паштовай маркі.

Імя Сарамагу носіць міжнародны мост праз раку Гуадыяна, які злучае Партугалію і Гішпанію, ня кажучы ўжо пра школы, бібліятэкі па ўсёй краіне (у іх ліку бібліятэка — дарэчы, з вельмі прыгожым графіці, якое ўвасабляе пісьменьніка — у невялікім горадзе Лорыш, дзе я жыву).

У кастрычніку-сьнежні 2018 году шырока адзначалася 20-годзьдзе атрыманьня пісьменьнікам Нобэлеўскай прэміі. З гэтай нагоды выйшла кніга пад назвай «Краіна ўзьнялася ў радасьці» з апісаньнем дзён, што папярэднічалі абвяшчэньню прэміі, цырымоніі яе ўручэньня і таго, што адбылося непасрэдна за тым.

Ці трэба казаць «почувствуйте разницу»?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нечаканая кніжка, выцягнутая перакладчыкам зь цёмнай кладоўкі забыцьця»

— Сёньня Сарамагу застаецца пісьменьнікам № 1 у Партугаліі?

— Мне трапіў на вочы сьпіс 10 партугальскіх пісьменьнікаў, якія прадаюцца найлепш. Сарамагу ў ім займае другое месца. На першым — другі Жазэ, Жазэ Радрыгіш душ Сантуш (José Rodrigues dos Santos), якога называюць партугальскім Дэнам Браўнам. Але ці можна сказаць, што толькі наклад робіць кагосьці пісьменьнікам № 1?

— Вы пераклалі на беларускую раман Сарамагу «Пячора». Чаму менавіта гэты раман? Ці ўзьнікалі цяжкасьці зь перадачай стылю аўтара?

Прапанова перакласьці «Пячору» была мая. Па-першае, таму што гэта бадай адзіны твор Сарамагу, які яшчэ ня быў перакладзены на расейскую мову [расейскі пераклад «Пячоры» зьявіўся зусім нядаўна. — РС]. Навошта ж перакладаць тое, што ўжо было перакладзена на расейскую, і многія, мабыць, прачыталі?

Па-другое, «Пячора» — вельмі актуальная рэч. Адным з галоўных пэрсанажаў (а, можа, і галоўным, чытач вырашыць сам) там зьяўляецца гандлёва-забаўляльна-жыльлёвы цэнтар. Калісьці ў нейкім партугальскім выданьні прайшла такая інфармацыя: калі скарыстаць прынцып, паводле якога паліцыя падлічвае колькасьць дэманстрантаў (прыблізна 2 чалавекі на квадратны мэтар плошчы), то ўсё насельніцтва Партугаліі можа зьмясьціцца ў 110 гандлёва-забаўляльных цэнтрах краіны. На той час гэтая інфармацыя мяне вельмі ўразіла, мусіць, таму што супала з пэрыядам, калі я чытала «Пячору». Сарамагу — вялікі празорца.

А перакладаць, так, было нялёгка, бо манера пісьма ў Сарамагу не зусім звычайная, напрыклад, у яго нетрадыцыйнае афармленьне дыялёгу і пунктуацыя. У перакладах на расейскую мову (за выключэньнем раману «Успамін аб манастыры») яго пунктуацыю не захавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдавец і перакладчыца са швэдзкай: «Дзяцей нельга змусіць чытаць тое, што ім не падабаецца»

— Партугальцы чытаюць шмат мастацкай літаратуры? Кнігарні — ня рэдкасьць у краіне?

Не сказала б, што шмат. У Партугаліі яшчэ 5% непісьменных (у 1970 годзе было 25%). Але ж чытаюць, інакш не публікавалася б у краіне 40 новых назваў штодзённа. І кнігарняў, не сказала б, што шмат. У буйных населеных пунктах яны ёсьць. У меншых трохі кніг прадаецца ў крамах канцылярскіх тавараў і пэрыёдыкі. Ёсьць кніжныя аддзелы ў гіпэрмаркетах, але гэтыя больш арыентуюцца на бэстсэлеры і навучальную літаратуру. Папяровыя кнігі выціскае інтэрнэт. Як і паўсюль у сьвеце.

— Каго б вы маглі адзначыць з сучасных партугальскіх пісьменьнікаў? Хто з аўтараў самы цікавы для саміх партугальцаў? Каго найбольш перакладаюць на замежныя мовы?

Пытаньне важнае, і каб адказаць дакладней, я пацікавілася меркаваньнем больш дасьведчанай, чым я, асобы. Дык вось, на думку спэцыяліста, шанец перажыць час маюць Антонію Лобу Антуніш (António Lobo Antunes), Гансалу М. Таварыш (Gonçalo M. Tavares), Лідыя Жоржы (Lídia Jorge). Усе яны ўзнагароджаныя шматлікімі айчыннымі і міжнароднымі прэміямі і перакладзеныя на асноўныя мовы сьвету. Калі ж зыходзіць з накладаў, то партугальцы і партугалькі шмат чытаюць ужо згаданага тут другога Жазэ (Радрыгіша душ Сантуша) і Маргарыду Рэбэлу Пінту (Margarida Rebelo Pinto) («ружовая» літаратура).

З тых, што я чытала, мне падабаецца, як пішуць Радрыгу Гедыш ды Карвалью (Rodrigo Guedes de Carvalho) (вельмі моцная ў яго апошняя кніга!) і Мігел Соза Таварыш (Miguel Sousa Tavares). Захапляльны раман Мігела «Экватар» можна прачытаць на расейскай мове.

Сяргей Макарэвіч

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.