У Міністэрстве адукацыі Беларусі пракамэнтавалі сытуацыю зь Менскім інавацыйным унівэрсытэтам (МІУ), дзе 11 лістапада больш за 600 студэнтаў абвясьцілі забастоўку. Афіцыйны камэнтар зьмешчаны на сайце ведамства.
У ім гаворыцца, што «ў адпаведнасьці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі пацьвярджэньне дзяржаўнай акрэдытацыі праводзіцца ўсімі ВНУ не радзей за адзін раз на пяць гадоў». Калі сёлета яго плянава праводзілі ў МІУ, «былі выяўленыя шматлікія парушэньні заканадаўства аб адукацыі». У прыватнасьці:
- тэрмін атрыманьня вышэйшай адукацыі ў завочнай (дыстанцыйнай) форме не адпавядае патрабаваньням адукацыйных стандартаў,
- выяўлены парушэньні ў арганізацыі навучальнага працэсу і бягучай атэстацыі студэнтаў і слухачоў,
- шэраг структурных падразьдзяленьняў унівэрсытэту не адпавядае вызначаным патрабаваньням,
- колькасьць выдадзеных пасьведчаньняў аб павышэньні кваліфікацыі перавышае колькасьць слухачоў, якія асвоілі адпаведныя адукацыйныя праграмы,
- па шэрагу прадметаў адсутнічаюць навучальныя праграмы і інш. ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыбылі супрацоўнікі КДБ». Студэнты сталічнай ВНУ выйшлі на забастоўку Як адзначаецца ў заяве, цяпер для МІУ ёсьць два шляхі вырашэньня ўзьніклай сытуацыі:
- першы — ліквідаваць усе заўвагі камісіі, адзначаныя ў заключэньні, і зьвярнуцца з заявай у Дэпартамэнт кантролю якасьці адукацыі для правядзеньня паўторнай акрэдытацыі;
- другі — закрыць спэцыяльнасьці, якія былі не акрэдытаваныя, і паведаміць пра гэта Міністэрству адукацыі. (Студэнтам МІУ будзе дадзена магчымасьць працягнуць навучаньне ў іншых ВНУ па вучэбных плянах і праграмах МІУ, гаворыцца ў заяве).
У сувязі з гэтым «дзеяньні кіраўніцтва ВНУ ў падбухторваньні студэнтаў да страйкаў, маніпуляваньні грамадзкай думкай намі разглядаецца як спроба адысьці ад вырашэньня пытаньня па сутнасьці», гаворыцца ў заяве Мінадукацыі.
Рэктар Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту Мікалай Суша ў камэнтары «Беларускаму партызану» заявіў, што Міністэрства адукацыі не працягнула ВНУ акрэдытацыю па пяці ключавых спэцыяльнасьцях з прычыны «асабістай непрыязнасьці» міністра адукацыі Ігара Карпенкі да ВНУ і да яго самога.
«Я думаю, што ўсё заснавана на асабістай непрыязнасьці міністра адукацыі Карпенка да ВНУ і да маёй асобы. Больш нічога тут няма. З 27 сакавіка гэтага году ўсё лета нас трымалі ў стане праверкі, камісію за камісіяй адпраўлялі, страчылі розныя скаргі ў пракуратуру, каб мяне прыцягнулі да адказнасьці за парушэньне заканадаўства адукацыі. Праверкі прайшлі, але пракуратура парушэньняў ня выявіла», — заявіў Мікалай Суша.
Паводле яго, «даведка аб акрэдытацыі напісаная на 120 старонках, але канкрэтна не пазначана, за што не акрэдытавалі тую ці іншую спэцыяльнасьць», «пішуць „не акрэдытаваць“, а за што, ня пішуць».
Раніцай 11 лістапада студэнты Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту абвясьцілі, што пачынаюць страйк супраць рашэньня Мінадукацыі пазбавіць унівэрсытэт акрэдытацыі на навучаньне некаторым спэцыяльнасьцям. У забастоўцы бяруць удзел больш за 600 студэнтаў, паведамілі Свабодзе ва ўнівэрсытэце.
Міністэрства адукацыі не працягнула для МІУ акрэдытацыю ў пяці спэцыяльнасьцях — «правазнаўства», «эканоміка і кіраваньне на прадпрыемстве», «праграмнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгій», «транспартная лягістыка» і «псыхалёгія», на якіх навучаюцца 1600 студэнтаў. Для іх рашэньне Мінадукацыі азначае, што пасьля вучобы ім могуць ня выдаць дыплёмы дзяржаўнага ўзору.
Міністар адукацыі Ігар Карпенка раней запэўніваў студэнтаў МІУ, што яны змогуць працягнуць навучаньне ў іншых ВНУ, але ня ўсіх гэта задавальняе. Адна з прычынаў незадавальненьня студэнтаў — акадэмічная розьніца навучаньня ў менскіх ВНУ.
Што такое МІУ
Менскі інавацыйны ўнівэрсытэт быў заснаваны ў 1991 годзе доктарам эканамічных навук, прафэсарам Мікалаем Сушам. У ім рыхтуюць спэцыялістаў па 12 спэцыяльнасьцях у галіне эканомікі, права, псыхалёгіі, замежных моваў, інфармацыйных тэхналёгіяў і дызайну.
Паводле афіцыйнага сайту ўнівэрсытэту, сёньня ў ім агулам навучаюцца больш за 11 тысяч студэнтаў на дзённай і завочнай формах навучаньня, зь імі працуюць больш за 220 выкладчыкаў. У 2019 годзе на першы курс унівэрсытэту набралі 570 чалавек (зь іх 390 чалавек — на дзённую форму навучаньня), прахадны бал пры паступленьні — у сярэднім быў каля 200 балаў.
Усяго ў Беларусі 51 ВНУ, дзевяць зь іх — прыватныя. У 2018–2019 гадах ва ўсіх беларускіх ВНУ навучаліся агулам каля 268 тысяч студэнтаў (паводле афіцыйнай статыстыкі).