Які вынік і сэнс маніфэстацыі, якая сабралася на мінулым тыдні на заклік блогера NEXTA, аўтара стужкі «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», якую ў інтэрнэце паглядзелі 2 мільёны карыстальнікаў?
Сьцісла:
- Цікава было паглядзець, наколькі грамадзтва здольнае мабілізавацца ў тых умовах, якія цяпер у Беларусі ёсьць
- Я, шчыра кажучы, думаў, што прыйдзе 150-300 чалавек
- Самыя зацятыя крытыкі, так выглядае, і засталіся крытыкаваць з хатняй канапы
- Я ня буду запрашаць людзей выйсьці 15 лістапада
- Улады спалохаліся невядома чаго
- Людзі ня ведаюць, чаго чакаць, а страх перад невядомым — адзін з самых моцных
- Аўдыторыя майго фільму паводле ўзросту: 13-17 — 3%, 18-24 — 25%, 25-34 — 33%, 35-44 — 19%, 45-54 −10%, 55-64 — 7% і 65 і болей — 4%
— Сьцяпан, як вы самі ацэньваеце мітынг, які сабраўся на ваш заклік? Некалькі сотняў — гэта нямала, на некаторых палітыкаў наагул ніхто не прыходзіць. Зь іншага боку, 2 мільёны праглядаў і некалькі сотняў — неяк сьціплы вынік офлайн?
— Я мяркую, не зусім карэктна параўноўваць 2 мільёны праглядаў і колькасьць людзей на мітынгу. У фільме не было заклікаў выйсьці на вуліцу. Аўдыторыя, якая наагул ведала, што будзе акцыя — гэта каля 100-150 тысячаў чалавек.
Магло б, зразумела, выйсьці і больш. У грамадзтва былі крыху завышаныя чаканьні ад гэтай імпрэзы. Яна ня надта раскручвалася, я ўсяго некалькі пастоў зрабіў у Телеграме і ў Інстаграме.
Некаторыя ледзь не з Майданам гэтую акцыю параўноўвалі. Але гэта быў звычайны сход падпісчыкаў, якія робяцца шмат у якіх краінах.
Людзі проста прыходзяць, каб пазнаёміцца, каб абмеркаваць важныя падзеі. У дадзеным выпадку гэта была стужка.
Цікава было паглядзець, наколькі грамадзтва здольнае мабілізавацца ў тых умовах, якія цяпер у Беларусі ёсьць, пасьля 25 гадоў страху.
Я лічу, што гэта даволі станоўчы вынік, мне спадабалася, што выйшла столькі людзей. Я, шчыра кажучы, думаў, што прыйдзе 150-300 чалавек. Выйшла больш. Я вельмі ўдзячны гэтым людзям, што яны не пабаяліся і што яны гатовыя выходзіць, каб разам абмяркоўваць.
— Сьцяпан, вы сказалі — гэта «звычайны сход падпісчыкаў». Знакамітыя блогеры Антон Матолька і Эдуард Пальчыс таксама ўпэўніваюць публіку — не, не, мы не палітыкі, так, грамадзкія актывісты. Ну а вы выйшлі на палітычны холад, у палітыкі падаліся? Вы разумееце, што гэта і ёсьць палітыка?
— Я б так не сказаў. У Беларусі ў палітыку трапіць амаль немагчыма. Рэальную палітыку робіць толькі адзін чалавек, а ўсё іншае — гэта проста спробы што-небудзь зрабіць. Палітыка ў Беларусі звычайна асацыюецца з апазыцыяй. У мяне з гэтым няма нічога агульнага. Там дапамагалі некалькі актывістаў з партыяў, з «Эўрапейскай Беларусі».
Але яны заклікалі 15 лістапада выйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску. Я да гэтага закліку ня маю дачыненьня, я ня буду запрашаць людзей туды прыйсьці, агітаваць іх і папулярызавваць гэтую акцыю.
Гэта і сапраўды не палітыка, і сапраўды была сустрэча аднадумцаў, каб пазнаёміцца, адчуць, што мы разам і што нас шмат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што казала моладзь на мітынгу NEXTA? ВІДЭАШкада толькі, што зацятыя камэнтатары так і засталіся ў інтэрнэце. Гэтая акцыя была спробай адчуць, наколькі вось гэтыя жорсткія, крытычныя камэнтары ў інтэрнэце канвэртуюцца ў рэальнае палітычнае дзеяньне.
Аказалася, ня надта. Выйшлі даволі мірныя людзі, якія, магчыма, і не пісалі гэтых жорсткіх камэнтароў. А самыя зацятыя крытыкі, так выглядае, і засталіся крытыкаваць з хатняй канапы. Выявілася, што гэта «канапныя войскі».
Вось гэта для мяне таксама адзін з вынікаў акцыі.
— У Беларусі гэта ўжо было — 2011 год, акцыі маўклівых воплескаў, таксама ініцыяваныя з-за мяжы, таксама праз сацыяльныя сеткі. Вы спадзеяцеся паўтарыць?
— Я не спадзяюся паўтарыць. Гэтыя хвалі пастоў — як пазытыўных, гэтак і нэгатыўных — наконт гэтай акцыі і маіх матываў у большасьці ня маюць пад сабой ніякай глебы.
Людзі не адрозьніваюць пратэсты ад сходаў падпісчыкаў.
Дракахруст: А калі на наступную акцыю прыйдзе 10 тысячаў, вы таксама будзеце казаць — ды не, я не палітык, проста ў куточку сяджу, стужкі стругаю?
— Я ня ведаю, як будзе. Калі б выйшлі 10 тысячаў чалавек, гэта быў бы паказьнік. Я і столькі не чакаў, чакаў 150-300, выйшла 500-700.
Гэтая акцыя ня так шырока і прасоўвалася, я ў Youtube ролікаў з заклікам на акцыю не рабіў. Не было задачы мабілізаваць максымальную колькасьць людзей.
Каб ісьці ў палітыку, трэба мець досьвед, каманду, ідэі. Пакуль у нас вялікіх ідэяў няма. Вось мы і зьбіраліся, каб людзі выказалі свае ідэі і вырашылі, што рабіць далей. Гэта ня цалкам атрымалася, улады спалохаліся невядома чаго. Яны, відаць, гэтак жа, як і «экспэрты» думалі, што там будуць дзясяткі тысячаў ці хаця б тысячы.
Ну і ўлады стваралі перашкоды — былі забраныя праектары. Там плянавалася даволі крэатыўная мірная акцыя, людзі павінныя былі кідаць свае ідэі ў такі своеасаблівы банк ідэяў, павінная была граць музыка, праз праектар паказвацца фільмы, мой зварот.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Людзі ў цывільным топчуць апаратуру на мітынгу NEXTA ў Менску. ФОТАФАКТПрамоўцы некаторыя не даехалі, у прыватнасьці, берасьцейскі блогер Кабанаў, БРСМ ствараў перашкоды. Яны рабілі ўсё, каб гэтая акцыя сышла на нішто, там напачатку была правакацыя, якая адразу ж адсякла чалавек 200. Людзі калі бачаць, што пачынаецца нейкая «заварушка», адыдуць далей ці наагул сыдуць.
Тым ня менш гэта ўдалы досьвед.
— Ці натхняе вас досьвед такіх асобаў, як расеец Аляксей Навальны і ўкраінец Анатоль Шарый? Шарый — чыстая аналёгія з вамі, таксама влогер, таксама з-за мяжы. Вынік ягонай партыі ва Ўкраіне быў хоць і сьціплы, але сэнсацыйны. Вы на нешта такое разьлічваеце ў краіне, дзе выбараў няма?
— У тым і сэнс, што параўноўваць можна з нацяжкай. Там ёсьць выбары і рэальны паказьнік падтрымкі людзей. Нават у Расеі. Там апошнім часам стала больш фальсыфікацыяў, але там іншая сытуацыя. Там у 2011-2012 гадах пратэстная хваля ня так жорстка зьбівалася. Цяпер пачалі абыходзіцца больш жорстка.
Там людзі мабілізуюцца праз сацсеткі, у Расеі гэта больш разьвіта. Там не адзін чалавек заклікаў, там шэраг папулярных рэсурсаў, паблікаў заклікалі. Таму там больш людзей выходзіць нават і на недазволеныя акцыі. Улады там дзейнічаюць па-рознаму, часам разганяюць, часам не.
Цяжка параўноўваць досьвед іншай краіны са сваім. У нас таксама бывала і бывае па-рознаму, калісьці на Дзень волі можна было выходзіць і не чапалі, а калісьці, як у 2017-м падчас акцыяў недармаедаў і таго ж Дня волі. Людзі ня ведаюць, чаго чакаць, а страх перад невядомым — адзін з самых моцных.
— Якія сацыяльна-дэмаграфічныя парамэтры аўдыторыі вашага фільму пра Лукашэнку?
— Гэты фільм сапраўды выбухнуў. Да яго зьяўленьня ў мене было 270 тысячаў падпісчыкаў, пасьля стала 303 тысячы. Я не памятаю, калі б адно відэа давала прырост 33 тысячы падпісчыкаў.
Што для мяне важна — зацікавіліся многія людзі, якія наагул не цікавіліся тым, што адбываецца ў краіне.
А характарыстыкі аўдыторыі такія. Мужчыны — 77%, жанчыны — 23%. Па геаграфіі: Беларусь — 82%, Расея — 7%, Украіна −3%, Польшча — 2%, ЗША −1%.
А вось па ўзроставых групах: 13-17 — 3%, 18-24 — 25%, 25-34 — 33%, 35-44 — 19%, 45-54 −10%, 55-64 — 7% і 65 і болей — 4%.
Я нагадаю, што група 13-17 гадоў — гэта галоўная аўдыторыя Ўлада Бумагі. Ён выпусьціў свой ролік праз пару дзён пасьля майго фільму. Але ён ня здолеў падняцца на першае месца. Дзесьці прыводзілася статыстыка па ягоных роліках — у яго беларуская аўдыторыя складае 7-8%, а 80% у яго — гэта Расея і Ўкраіна. Пры гэтым ягоны апошні ролік на першае месца ня трапіў, а мой фільм пэўны час трымаўся на першым месцы ў трэндах.
— На акцыю, якую склікалі вы, прыйшла пераважна моладзь. Калі ваш фільм паглядзелі 2 мільёны, дык гэта пэўна ня толькі моладзь. Паводле статыстыкі, якую вы прывялі. 40% аўдыторыі вашай стужкі — гэта людзі ўзросту 35 гадоў і старэйшыя. А на акцыю прыйшла фактычна амаль толькі моладзь. Чаму?
— Я ўжо казаў, што зрабіў пасты з заклікамі на акцыю толькі ў Тэлеграме і Інстаграме. У іх сядзіць амаль выключна моладзь. Старэйшая частка маёй аўдыторыі проста не даведалася пра заклік. Ну і моладзі не ўсё роўна, што адбываецца ў краіне.
Але для мяне самога цікава знайсьці адказ на пытаньне, чаму прыйшла толькі моладзь.
— Напярэдадні вашай акцыі адбыўся канцэрт расейскага рэпэра Цімаці, прыйшло шмат народу, многіх уразіла раздача бургераў. А ці такая ўжо розная моладзь прыйшла да Цімаці і на вашую акцыю?
— Я глядзеў на відэа, у Цімаці была моладзь ад 13 да 24 гадоў, у аўдыторыі майго фільму гэта 27%. Ну і Цімаці раздаваў бургеры, ён — вядомы выканаўца на ўсёй постсавецкай прасторы. Я меркаваў, што да яго прыйдзе больш, і нашая акцыя ў пятніцу будзе ў параўнаньні выглядаць, як кропля ў моры.Так не атрымалася.
Я нават задаволены гэтай акцыяй Цімаці, ня так ужо і шмат прыйшло аматараў халявы.
На нашай акцыі нічога не раздавалася, хаця і плянавалася — флаеры, налепкі. Павінныя былі таксама падвесьці вынікі конкурсу па байках у інстаграме.
Але перашкодзілі, затрымалі. А Цімаці ж ніхто не перашкаджаў.
— Некаторыя крытыкавалі вашую акцыю, маўляў, няма дакладных мэтаў, плянаў, адны гавораць адно, іншыя — іншае, і незразумела, чаго ж гэтая моладзь хоча. А можа і на акцыі Цімаці і на вашай яна хацела аднаго і таго ж — драйву?
— Я разумею. Але з прычыны перашкодаў з боку міліцыі і спэцслужбаў мы ў арганізацыі акцыі змаглі рэалізаваць толькі 20% нашых плянаў, нашага сцэнару. Некаторыя казалі, што трэба было ладзіць акцыю з выразным пасылам за незалежнасьць ці супраць Лукашэнкі. Але гэта была акцыя моладзі, якая мае розныя погляды.