Украінскія спэцслужбы зладзілі інсцэнізацыю забойства і затрымалі замоўніцу

Ілюстрацыйнае фота

Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) сьцьвярджае, што зрабіла інсцэнізацыю забойства адміністратаркі дзіцячага адукацыйнага клюбу ў Кіеве, каб затрымаць замоўніцу злачынства.

«Спэцслужбы атрымалі інфармацыю, што мясцовая прадпрымальніца, якая займаецца апэрацыямі абмены валюты і лізінгу нерухомасьці, шукае сярод прадстаўнікоў крымінальных колаў выканаўцу для забойства. Праваахоўныя органы высьветлілі, што жанчына „замовіла“ жыхарку Кіеўскай вобласьці з прычыны маёмаснай спрэчкі.

За забойства зламысьніца прапанавала выканаўцу 10 000 даляраў», — цытуе паведамленьне СБУ ўкраінская служба Свабоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне затрымалі імаверных фігурантаў справы аб забойстве Шарамета, — «Українська правда»

СБУ сьцьвярджае, што замоўніцу вывелі на ўмоўнага «кілера», якому яна авансам заплаціла 4 тысячы даляраў.

«Каб даць доказы ліквідацыі ахвяры, супрацоўнікі службы правялі спэцапэрацыю і імітавалі забойства жанчыны ў закінутым будынку ў лесе. Для пацьверджаньня выкананьня замовы былі зроблены фатаздымкі. Праваахоўнікі затрымалі зламысьніцу на адной з вуліц сталіцы пасьля атрыманьня „справаздачы“ аб імітаваным забойстве і пералічэнні другой паловы сумы», — паведамілі ў СБУ.

Крымінальная справа супраць замоўніцы заведзена паводле артыкулу аб наўмысным забойстве.