Пецярбурскі гісторык, абвінавачаны ў жорсткім забойстве студэнткі, рэгулярна бываў у Барысаве

Дацэнт Алег Сакалоў

Дацэнт Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Алег Сакалоў, які прызнаўся ў забойстве сваёй 24-гадовай студэнткі і разьдзяленьню на часткі яе цела, неаднаразова прыяжджаў у Барысаў, піша ex-press.by.

Як стала вядома выданьню, расейскі гісторык Алег Сакалоў браў актыўны ўдзел у рэканструкцыі бітваў на Бярэзіне, а ў мінулым 2018 годзе ў рамках Каладзееўскіх чытаньняў прэзэнтаваў сваю новую кнігу ў Цэнтральнай барысаўскай бібліятэцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскага гісторыка выцягнулі з вады з жаночымі рукамі ў заплечніку

Учора расейскія СМІ паведамілі, што абезгалоўленае жаночае цела знойдзена ў кватэры аднаго з заснавальнікаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі ў Расеі, узнагароджанага ордэнам Ганаровага легіёну. Самога выкладчыка выцягнулі з вадаёму рана раніцай. Ён прыходзіў да прытомнасьці ў шпіталі, а паліцыянты вывучалі знойдзеныя пры ім рукі.

Знайшлі цела, галаву і пілу

Каля першай гадзіны дня 9 лістапада сьледчы Сьледчага камітэту Пецярбургу і апэратыўнікі крымінальнага вышуку зайшлі зь ператрусам у кватэру дома на набярэжнай Мойкі, 82 дзе жыве 63-гадовы дацэнт Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Алег Сакалоў.

Мерапрыемства прайшло ў рамках распачатай учора крымінальнай справы паводле артыкулу «забойства». У кватэры было знойдзена жаночае цела, адрэзаная галава і скрываўленая піла.

Ва ўсім прызнаўся

На допыце, які працягваўся каля гадзіны, Сакалоў заявіў, што забіў 24-гадовую Анастасію Ешчанка з дробнакалібэрнага абрэза 7 лістапада з прычыны рэўнасьці, паведаміў у сваім Telegram-канале тэлеканал НТВ. Выкладчык застрэліў дзяўчыну і схаваў цела дома. На наступны дзень Сакалоў прымаў у сябе гасьцей, аднак яны нічога не заўважылі.

Затым Сакалоў пачаў плянаваць, як ён будзе пазбаўляцца ад цела. Ён купіў пілу і вырашыў парэзаць труп, каб пазбавіцца ад яго па частках. У працэсе Сакалоў шмат піў, каб ня страціць прытомнасьць. У выніку паліцыянты заўважылі выкладчыка менавіта з прычыны ап’яненьня, калі ён упаў у раку, спрабуючы утапіць там рукі дзяўчыны.

Каля пятай гадзіны раніцы яго выцягнулі з ракі Мойкі непадалёк ад яго дома. У заплечніку, які быў побач зь ім у вадзе, паліцыянты знайшлі дзьве адрэзаныя па локаць жаночыя рукі. Навуковец быў моцна нецьвярозы і замёрзлы ад доўгага знаходжаньня ў вадзе. Пасьля аказаньня мэдычнай дапамогі ў шпіталі ён быў зьмешчаны ў сьледчы ізалятяр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пры пошуках цела меркаванай ахвяры пецярбурскага гісторыка ў рацэ знайшлі шкілет

Кандыдат гістарычных навук Алег Сакалоў лічыцца спэцыялістам па ваеннай гісторыі, а ў прыватнасьці, гісторыі напалеонаўскіх войнаў. Ён быў сябрам навуковай рады Расейскага ваенна-гістарычнага таварыства, у якім старшынюе міністар культуры Расеі Ўладзімір Мядзінскі. Сакалоў лічыцца адным з заснавальнікаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі ў Расеі. За навуковую і грамадзкую дзейнасьць узнагароджаны францускім ордэнам Ганаровага легіёну. Таксама гісторык кансультуе рэжысэраў, якія здымаюць фільмы пра эпоху Напалеона. Паплечнікі па рэканструкцыі называюць яго «Сір».