У Гомелі 10 лістапада ў рамках агітацыйнай кампаніі кандыдаты ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі правялі тэматычныя мітынгі.
Першы прайшоў на пляцоўцы каля гандлёвага дома «Рэчыцкі». Яго правяла кандыдатка ў дэпутаты па Гомельскай-Савецкай акрузе № 34, лідэрка руху «Маці 328» Тацяна Канеўская.
На мітынгу прысутнічала больш за 60 чалавек. Падтрымаць кандыдатку прыехалі прадстаўнікі руху з Мазыра, Менску, Магілёва і Жлобіна. Давераная асоба кандыдата Ліяна Шуба адзначыла, што Канеўская ідзе ў парлямэнт адстойваць справядлівае правасудзьдзе, выступаць за судовыя рэформы, за пазбаўленьне дэпутатаў недатыкальнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ўбачыла дэпутатаў, якія практычна нічога ня робяць». Актывістка «Маці 328» хоча зьмяніць парлямэнтКандыдатка ў дэпутаты падкрэсьліла, што ўдзел у выбарах для яе — «шанец адкрыта гаварыць пра тую бяду, якая існуе ў нашай краіне, — гэта наркотыкі». «Гэта можа закрануць кожнага, нават калі вы лічыце, што вы ідэальны бацька і ў вас усё пад кантролем. На гэты момант прэзыдэнт спрабуе абвінаваціць нас, бацькоў, у тым, што мы дрэнна выхавалі дзяцей... Я не хачу нічога дрэннага казаць пра наша кіраўніцтва, але зьмяніць штосьці ў гэтай краіне мы зможам толькі тады, калі ў нас зьменіцца прэзыдэнт. У наступным годзе мы будзем прымаць гэта важнае рашэньне», - заявіла на мітынгу Канеўская.
Адна з пажылых жанчын, што праходзіла міма, вырвала ў яе мікрафон і абурылася словамі кандыдаткі пра магчымую зьмену прэзыдэнта: «Вы што — прэзыдэнта хочаце мяняць? Бессаромнікі! Хочаце, каб было, як ва Ўкраіне?»
Іншая пенсіянэрка сказала, што за наркотыкі трэба караць «самым жорсткім чынам». Яе спадарожнік накінуўся на аднаго з журналістаў, абражаў яго і пагражаў разьбіць яму камэру.