Прэзыдэнт Балівіі Эва Маралес пагадзіўся ануляваць афіцыйныя вынікі першага тура выбараў прэзыдэнта і правесьці новае галасаваньне. Яго заява прагучала на фоне масавых пратэстаў апазыцыі, якая не прызнала яго перамогу, заявіўшы пра фальсыфікацыі.
Маралес таксама пагадзіўся распусьціць выбарчую камісію і сфармаваць яе нанова.
Раней Арганізацыя амэрыканскіх дзяржаваў рэкамэндавала зьвярнуцца менавіта да такіх крокаў, каб выявіць сапраўдную волю выбаршчыкаў. Пакуль незразумела, пагодзіцца апазыцыя з прапановай, ці пратэсты працягнуцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эва Маралес заявіў аб спробе дзяржаўнага перавароту ў БалівііУ ноч на 10 лістапада пратэстоўцы заблякавалі працу дзяржаўных СМІ Балівіі. Натоўпы людзей узялі ў аблогу офісы агульнанацыянальнай радыёстанцыі Radio Patria Nueva і агульнанацыянальнага тэлеканалу Bolivia TV у найбуйнейшым горадзе краіны Ла-Пасе.
У МЗС Балівіі назвалі пратэстоўцаў «групамі радыкалаў», абвінавацілі іх у нападзе на журналістаў і нежаданьні пачаць палітычны дыялёг, каб «вярнуць краіну да міру, абараніць дэмакратыю, вяршэнства права і адзінства балівійцаў».
Пратэсты ў Балівіі пачаліся пасьля таго, як Найвышэйшы выбарчы суд краіны абвясьціў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся 20 кастрычніка. Паводле дадзеных суду, Эва Маралес, які балятуецца ў прэзыдэнты ўжо чацьвёрты раз, атрымаў крыху больш за 47% галасоў, а яго галоўны апанэнт, былы журналіст Карлас Мэса, — 36,5%.
Адрыў больш чым на 10% дазволіў абвясьціць Маралеса пераможцам у першым туры. Мэса не прызнаў вынікаў, заявіў аб масавых фальсыфікацыях і заклікаў сваіх прыхільнікаў выйсьці на вуліцы, патрабуючы правядзеньня другога туру.
У выніку ў некалькіх гарадах Балівіі пачаліся сутыкненьні паміж пратэстоўцамі і паліцыяй, ахвярамі якіх сталі сама меней тры чалавекі.
Маралес абвясьціў рэжым надзвычайнага становішча і абвінаваціў апазыцыю ў спробе арганізаваць дзяржаўны пераварот. Пазьней ён прапанаваў пратэстоўцам сесьці за стол перамоваў.
Напярэдадні Карлас Мэса апублікаваў відэазварот, у якім адмовіўся ад перамоваў зь дзейнай уладай. «Мне няма пра што размаўляць з Маралесам і ягоным урадам», — заявіў ён, назваўшы апанэнтаў ашуканцамі.
Эўразьвяз запатрабаваў ад уладаў Балівіі правесьці другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. Яго правядзеньне лічаць найлепшым варыянтам для пераадоленьня крызісу і ў ААН.