У населеным пункце Пятроўскае Данецкай вобласьці Ўкраіна і самаабвешчаная ДНР пачалі развод войскаў. За працэсам назіраюць прадстаўнікі АБСЭ.
Пасьля станіцы Луганскай і Залатога сяла Пятроўскае было апошняй кропкай на лініі судатыкненьня, дзе гэта неабходна было зрабіць у межах дасягнутых у Менску дамоўленасьцяў, паведамляе ВВС.
Прадстаўнікі «ДНР» і вайскоўцы Ўзброеных сіл Украіны пацьвердзілі пачатак разьвядзеньня сіл бакоў на апошнім пілётным участку на Данбасе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітычнай згоды няма. Як у парлямэнце Ўкраіны адрэагавалі на «Формула Штайнмаера»
«ДНР» і Украіна абмяняліся залпамі ракетніц зялёнага колеру, якія служаць умоўнымі сыгналямі да пачатку разьвядзеньня і прыступілі да адводу сіл на ўчастку Багданаўка-Пятроўскае. Перад гэтым былі запушчаны ракетніцы белага колеру, пры дапамозе якіх бакі апавясьцілі адзін аднаго пра гатоўнасьць да разьвядзеньня.
Разьвядзеньне павінна адбывацца люстрана на адлегласьці 1 км ад лініі разьмежаваньня.
Разьвядзеньне сіл бакамі канфлікту на Данбасе — адна з умоў правядзеньня саміту «нармандзкай чацьвёркі» (Украіна, Нямеччына, Францыя, Расея).
Аб разьвядзеньні сіл у станіцы Луганскай, Залатым сяле і Пятроўскім кантактная група ў Менску дамовілася яшчэ ў 2016 годзе, але канчаткова выканаць гэта атрымалася толькі цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі прэс-сакратар апублікаваў у Менску тэкст, які падпісаў Кучма