Кандыдату ў дэпутаты па менскай Паўднёва-Заходняй выбарчай акрузе № 99 Станіславу Шашку выбарчая камісія вынесла папярэджаньне за парушэньне парадку агітацыі падчас акцыі «Канапляныя дзяды», якая адбылася 2 лістапада, паведамляе кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Камісія Паўднёва-Заходняй выбарчай акругі № 99 прызнала, што мітынг «Памяці загінулых ад канабіса» (марыхуаны) на плошчы Аб’яднаных Нацый зьяўляўся перадвыбарчай агітацыяй.
Папярэджаньне кандыдату вынесьлі за тое, што
- падчас пікету выкарыстоўваліся друкаваныя інфармацыйныя матэрыялы без выпускных дадзеных,
- гэтыя агітацыйныя друкаваныя матэрыялы (плякаты, улёткі і іншыя матэрыялы) былі выраблены не за кошт сродкаў уласных выбарчых фондаў (па стане на 2 лістапада фонд Шашка склаў 0 рублёў).
«Мэта гэтай акцыі — данесьці абсурднасьць і неэфэктыўнасьць дзейнай наркапалітыкі ў Беларусі і запатрабаваць новы парлямэнт прыняць тыя папраўкі ў заканадаўства, якія былі распрацаваныя ў межах «Маладзёжнага блёка», — адзначыў 2 лістапада Шашок.
Ён будзе абскарджваць рашэньне камісіі Паўднёва-Заходняй выбарчай акругі № 99.
Арганізатарамі «Канапляных Дзядоў» выступілі актывісты грамадзянскай ініцыятывы Legalize Belarus, якія ўваходзяць у склад нефармальнага аб’яднаньня кандыдатаў у дэпутаты «Маладзёжны блёк».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фарбавалі траву, пастрыглі кандыдата — як у Менску пікетавалі за рэформу войска. ВІДЭАУ «Маладзёжны блёк» уваходзяць актывісты шэрагу маладзёжных ініцыятыў, у прыватнасьці #учебаважнее (выступае супраць закона аб адмене адтэрміновак ад службы ў войску), ЗБС (нефармальнае студэнцкае абʼяднаньне, выступае за адмену абавязковага разьмеркаваньня выпускнікоў) і Legalize Belarus (выступае за дэкрыміналізацыю і зьмякчэньне пакараньня па антынаркатычных артыкулах Крымінальнага кодэксу).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адна бабуля назвала „двоечнікамі“, а студэнты віталі». Каля хімфаку БДУ прайшоў выбарчы пікет «Моладзевага блёку»Сем актывістаў «Маладзёжнага блёка» былі вылучаныя кандыдатамі ад партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», яшчэ адзін актывіст быў вылучаны Беларускай партыяй «Зялёныя».