«Радыё Свабода» зрабіла гэта. Тое, што Алесю Пілецкаму напісаў не адзін дзясятак адданых чытачоў: «Зрабіце кнігу!». «Казкі па целефоне» (спампаваць тут). Гісторыі, якія пачаліся ў «Фэйсбуку» пад тэгам #давайпака.
Адданы прыхільнік Лукашэнкі можа не зразумець сарказм у тэкстах праекту, і ўспрыняць галоўнага героя «Давай, пака» за добрага дзядулю, які як можа бароніць беларусаў ад расейскіх «алігархаў». Падобныя прэтэнзіі выстаўляліся Алесю Пілецкаму на самым пачатку ягонага сатырычнага сэрыялу, які стартаваў у «Фэйсбуку», а пасьля пасяліўся на сайце беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода».
Алесь Пілецкі — той самы аўтар, які зрабіў Лукашэнку ня створаны рукамі помнік. Спадзяюся, такім Лукашэнка і застанецца — якім ён ёсьць і ў кнізе, і ў сутнасьці. Хітраватым беспрынцыпным чалавекам, чыя геапалітыка не сягае далей за ўласны нос. Такіх людзей шмат як у Беларусі, гэтак па ўсім сьвеце. Хіба што ў Эўропе такія рэдка становяцца прэзыдэнтамі.
Праект Пілецкага пабудаваны на асэнсаваньні важных для беларускай дзяржавы падзеяў
Каму чытаць? Тым, хто ня гледзячы ні на што, спрабуе думаць, даваць свае ацэнкі падзеям, хто не здаецца і заўжды мае сваё меркаваньне. І — важна! — тым, хто сочыць за навінамі. Бо праект Алеся Пілецкага «Давай, пака» пабудаваны на аўтарскім асэнсаваньні важных для беларускай дзяржавы падзеяў. Як унутраных, так і міжнародных. Прачытаць і паставіць рэальную ці віртуальную «падабайку» кнізе зможа толькі абазнаны ў грамадзка-палітычных рэаліях Беларусі чалавек.
«Казкі па целефоне» наўрад ці можна перакласьці на ангельскую. Зносак з тлумачэньнямі будзе ў разы болей, чым асноўнага тэксту.
Звычайна твору, які табе падабаецца (а мне падабаюцца казкі «Давай, пака»), жадаеш доўгіх гадоў карыснага быцьця. У выпадку з Лукашэнкам я вельмі хачу, каб праект «Давай, пака» досыць хутка быў падобным да анэкдотаў пра Брэжнева, якія людзі ўзросту Алеся Пілецкага слаба счытваюць, а маладзейшыя проста не разумеюць. Кепскае мусіць сыходзіць з памяці. А іронія і сарказм «Казак па целефоне» толькі спрыяюць сыходу кепскага і прыходу чагось новага. Спадзяюся, добрага.
Што да Лукашэнкі, хочацца верыць, што генэральная пракуратура цалкам незалежнай і дэмакратычнай краіны Беларусь падкарэктуе ўражаньне цікаўных. І асоба Лукашэнкі не будзе такой ужо забаўнай. Але ў кнізе Алеся Пілецкага важная не асоба Лукашэнкі, а пэрспэктывы незалежнасьці краіны.
Каму чытаць? Чытаць тым, для каго незалежнасьць Беларусі — сьвятая рэч. Без гумару, без іроніі ці сарказму. Алесь Пілецкі сваімі тэкстамі дае надзею суайчыньнікам, якія турбуюцца за незалежнасьць. «Лукашэнка дырэктар саўгасу, але ён наш дырэктар саўгасу». Маўляў, краіну імпэрцам з усходу ня здасьць.
Калі б Лукашэнка не чапаў нацыянальную сымболіку і беларускую мову
Я пэрыядычна ў дыскусіях паўтараю думку пра тое, што калі б Лукашэнка не чапаў нацыянальную сымболіку і беларускую мову, у яго было б войска рэальных прыхільнікаў. Чым яму дапамагаюць вясковыя пэнсіянэры, якія моляцца на Лукашэнку за свае 200–300 (плюс-мінус) пэнсіі? Ды нічым. Электарат ад 1994 году значна зьмяніўся.
«Казкі па целефоне» маюць некалькі сэнсавых пластоў. Галоўныя фанаты, якія сталі ў чаргу на прэзэнтацыі кнігі, гэтыя людзі — з БЧБ-сэрцамі. Для іх Лукашэнка відавочна адмоўны пэрсанаж. Людзі праз тэг «давай, пака» выплёхваюць нэгатыў, які як солі ў костках, адклаўся ў сьвядомасьці за дваццаць пяць гадоў кіраваньня Лукашэнкі. А калі больш чэсна — лукашыстаў. Суседзяў, калегаў, часта — сваякоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Пілецкі прэзэнтаваў кнігу фэйсбук-пастоў #давайпака. ВІДЭАЗлы гумар не працуе
Унікальнасьць праекту Алеся Пілецкага ў тым, што ён сам адзін здолеў быць іранічным да ўсяго і ўсіх. Колькі «гумарыстаў» зламалі коп’і, высьмейваючы Лукашэнку. Але злы гумар не працуе. Бо зло ня можа працаваць на пазытыў. Калісьці даўно, калі Алесь Пілецкі хадзіў у школу, рэдакцыі газэты «Навінкі» падфарціла намацаць струну, якая давала сатырычны плён. Лукашэнка быў сьмешны і гэта прадавалася ў газэтных шапіках і нават цытавалася вялікімі абзацамі ў «Советской Белоруссии». Газэту зьнішчылі. Спатрэбілася больш за дзесяць гадоў, каб з’явіўся новы фэльетаніст-біёграф Лукашэнкі.
На заканчэньне пажаданьне. А калі заўтра Лукашэнка — усё? Можна ўжо сёньня спрабаваць сьмяяцца не толькі з Лукашэнкі. А талент вось ён — у руках.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.