У Слоніме адкрылі помнік Міхалу Казімеру Агінскаму. ФОТА

У Слоніме адкрылі бюст Міхалу Казімеру Агінскаму

Помнік дзеячу Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай Міхалу Казімеру Агінскаму ўсталявалі каля драматычнага тэатру ў Слоніме. Яго ўрачыста адкрылі 6 лістапада.

Міхал Казімер Агінскі быў слонімскім старастам і заснаваў мясцовы драматычны тэатар

Гэта падарунак гораду ад жыхара Слоніма прадпрымальніка-мэцэната Ўладзімера Вількіцкага і ягонай фірмы «Гранві», якая займаецца вырабамі з каменю. Над гранітным бюстам працавалі каля году. Ініцыятыва ўшанаваць слонімскага старасту ў камені належыць грамадзкаму аб’яднаньню «Слонімскі канал Агінскага».

У Слоніме адкрылі бюст Міхалу Казімеру Агінскаму.

На пытаньне, чаму ён падараваў гораду помнік, Уладзімер Вількіцкі адказаў: «Бо так магу».​

Мэцэнат Уладзімер Вількіцкі

Бюст адкрывалі старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч, прадстаўнік аб’яднаньня «Слонімскі канал Агінскага» Іван Вадэйка, мецэнат Уладзімер Вількіцкі.

Старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч

Раней у Слоніме зьявілася памятная шыльда на тэатры, прысьвечаная гэтаму дзеячу.​

Шыльда Міхалу Казімеру Агінскаму на драмтэатры ў Слоніме

Міхал Казімер Агінскі нарадзіўся ў 1730 годзе. Быў дзяржаўным і вайсковым дзеячам Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, кампазытарам, паэтам, мэцэнатам, слонімскім старастам. Дзякуючы яму ў Слоніме зьявіліся тэатар, друкарня. Ён ініцыяваў і фундаваў пабудову каналу Агінскага — воднага шляху з Нёмана ў Дняпро даўжынёй 54 кілямэтры. Памёр у 1800 годзе ў Варшаве.​